Белорусский портал в Казахстане

На наступным тыдні тэлеканал "Беларусь 1" прадставіць цыкл фільмаў "Эпоха", прысвечаны Максіму Багдановічу



З 12 па 15 снежня тэлеканал "Беларусь 1" прадставіць у вячэрнім эфіры аўтарскі праект Алега Лукашэвіча "Эпоха", прысвечаны Максіму Багдановічу і прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння паэта.

Паводле інфармацыі прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі, цыкл з чатырох фільмаў прадставіць жыццё і творчасць беларускага класіка. Здымкі праходзілі ў Гродне, Мінску, Ракуцёўшчыне, Яраслаўлі (Расія) і Ялце (Украіна) — месцах, дзе ў розны час жыў паэт.

Аўтары цыкла працавалі над праектам сумесна з супрацоўнікамі Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, а таксама беларускіх і расійскіх музеяў і архіваў.

У выніку ў праект увайшлі ўнікальныя відэаматэрыялы, сцвярджае прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі. Напрыклад, у Ялце, дзе Багдановіч правёў свае апошнія дні, удалося адзняць не толькі магілу паэта на старых гарадскіх могілках, але і метрычную кнігу з запісам аб смерці "селяніна Максіма Багдановіча".

У праект таксама ўвайшлі невядомыя раней у Беларусі фотаздымкі, на якіх выяўлены Максім Багдановіч. Гэтыя здымкі разам з унікальнымі экспанатамі сям`і Багдановіча захоўваюцца ў яраслаўскім музеі, які носіць імя беларускага паэта. У Яраслаўлі таксама знаходзіцца магіла Адама Багдановіча, бацькі паэта.

Архіў Максіма Багдановіча, які пасля смерці збіраў яго бацька, падчас грамадзянскай вайны моцна пацярпеў. Частку архіва Адам Багдановіч перадаў перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў Мінск, аднак многія дакументы былі страчаны. Да нашага часу дайшло не больш чым дзесяць фотаздымкаў, на якіх выяўлены Максім Багдановіч, рэдкія рукапісы і аўтографы паэта, якія сёння захоўваюцца ў музеях паэта ў Беларусі і Расіі.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 10 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/982/11124
Текущая дата: 18.11.2024