Белорусский портал в Казахстане

Трагедыя на Бярэзіне вачамі нашчадкаў



Лістапад 1812 года стаў вырашальным у вайне з Напалеонам. Менавіта 199 гадоў таму адбылася пераправа войскаў вядомага французскага палкаводца цераз раку Бярэзіну.

Трагічная для ўсёй Еўропы бітва адабрала жыцці ў больш чым 50 тысяч салдат французскай і рускай армій, грамадзянскіх асоб, якія суправаджалі напалеонаўскія войскі, а таксама мірных жыхароў. У гадавіну трагічных падзей 28 лістапада на Барысаўшчыне адбыліся мерапрыемствы па ўшанаванні памяці загінулых.

У цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак бралі ўдзел Часовы Павераны ў справах Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Дамінік Жанці, намеснік старшыні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта Валянціна Шутко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людміла Гарнак, начальнік аддзела культуры райвыканкама Ала Ленкіна, госці і ўдзельнікі 3-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Каладзееўскія чытанні", якая ў гэты дзень адчыніла свае дзверы ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Хрысанфавіча Каладзеева.

Удзельнікі цырымоніі наведалі могілкі вёскі Студзёнка і Брылёўскае поле, каб ускласці кветкі да манумента, дзе пахаваны астанкі салдат арміі Напалеона, а таксама да іншых помнікаў — ахвярам вайны 1812 года, мемарыяла ў гонар рускіх воінаў, магілы невядомага рускага салдата, манументаў героям вайны 1812 года і салдатам напалеонаўскай арміі.

— Вёска Студзёнка стала эпіцэнтрам чалавечай драмы, — нагадала Валянціна Шутко. — На гэтым месцы страцілі жыцці некалькі дзясяткаў тысяч салдат напалеоўнаўскай арміі і тысячы воінаў рускай. Вялізныя пакуты выпалі на долю жыхароў вёсак Бытча, Студзёнка, Брылі. Больш за палову мясцовага насельніцтва загінула падчас ваенных дзеянняў.

Удзельнікі мерапрыемства маглі адчуць непаўторную атмасферу пачатку 19 стагоддзя: каля мемарыялаў неслі вахту прадстаўнікі ўніфармісцкага руху, — члены ваенна-гістарычных клубаў — Азоўскага пяхотнага палка, Беларускага гусарскага палка, Мінскага пяхотнага палка і 18-га палка Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Ахтырскага гусарскага палка.

— Пераправа цераз Бярэзіну стала трагедыяй еўрапейскага маштабу, бо ў абедзвюх арміях змагаліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, — адзначыў Дамінік Жанці. — Сёння мы сабраліся не толькі дзеля таго, каб аддаць даніну павагі памяці загінулых, але і каб зазірнуць у будучыню. Мы не можам спадзявацца на прадухіленне такіх маштабных трагедый, калі не будзем улічваць урокі гісторыі.

Часовы Павераны ад імя Пасольства Францыі падзякаваў Барысаўскаму райвыканкаму і ўсім неабыякавым беларусам, якія прымаюць актыўны ўдзел у захаванні памяці аб падзеях 1812 года на Бярэзіне.

Праз некалькі гадзін у Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Каладзеева адкрылася ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Каладзееўскія чытанні". Канферэнцыя невыпадкова носіць імя вядомага барысаўчаніна.

— Барысаўскі мецэнат і бібліяфіл Іван Хрысанфавіч Каладзееў за сваё жыццё зрабіў шмат, каб увекавечыць памяць воінаў, што загінулі ў вайне 1812 года, — адзначыла дырэктар бібліятэкі Галіна Слесарэнка. — Ім была сабрана буйнейшая ў Еўропе калекцыя кніг, картаў і рукапісаў пра гэтую вайну.

Удзельнікамі трэціх "Каладзееўскіх чытанняў" сталі навукоўцы, бібліятэкары, музейныя супрацоўнікі Беларусі, Расіі і Францыі. Прадстаўленыя працы закраналі мала вывучаныя бакі напалеонаўскай гісторыі, а таксама спадчыны І.Х. Каладзеева, і вызначаліся навізной ды глыбінёй распрацоўкі тэмы. Выступленне доктара навук з Францыі, прадстаўніка Цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў Жэрома Бакура зрабіла вядомым для гісторыі імя галандскага салдата Яна Вілема Ветэрынга, успаміны якога былі знойдзены зусім нядаўна і яшчэ нідзе не друкаваліся. Амаль не даследаваным да сённяшняга часу застаецца рэестр трафеяў воінскага гонару французскай арміі ў ваеннай кампаніі 1812 года, аб якім вёў говорку кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Ігар Груцо. У наступным годзе споўніцца 200 гадоў з моманту трагічнай пераправы, таму ўдзельнікі канферэнцыі з задавальненнем паслухалі, як у 1912 годзе праходзіла святкаванне юбілейнай даты: гэтаму быў прысвечаны даклад доктара гістарычных навук, прафесара кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы Вячаслава Шведа. Усе выступленні выклікалі вялікую зацікаўленасць у слухачоў.

— Штогадовыя навуковыя канферэнцыі ў Барысаве пра падзеі двухсотгадовай даўніны — сярод самых цікавых у Еўропе на сённяшні момант, — даў ацэнку прадстаўнік Цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў Жэром Бакур. — Для людзей, якія працуюць у гэтым кірунку, гэтыя канферэнцыі служаць штуршком для развіцця: напрыклад, летась быў агучаны матэрыял, які не стасуецца з даследаваннямі нашага Цэнтра. Спрэчныя пытанні становяцца кропкай адліку для новага навукова пошуку.

Удзельнікам "Каладзееўскіх чытанняў" 2010 года па завяршэнні канферэнцыі былі прэзентаваны зборнікі матэрыялаў мінулагодніх "Каладзееўскіх чытанняў".

Алеся Чумакова
Звязда, 1 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/985/10897
Текущая дата: 18.11.2024