Белорусский портал в Казахстане

У Мінску адбылася прэм`ера польскага спектакля-перформансу "Планета Лем"



У межах кінафестывалю "Лістапад" і культурнай праграмы старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе 11 лістапада ў мінскім Палацы спорту адбылася прэм`ера спектакля-перформансу "Планета Лем" польскага рэжысёра Паўла Шкотака.

Сюжэт пастаноўкі створаны на аснове твораў вядомага пісьменніка-фантаста Станіслава Лема. Чалавек з нашага часу трапляе ў будучыню, дзе людзі — "тоўстыя і гультаяватыя", усю працу за іх выконваюць робаты, у тым ліку інтэлектуальную. Герой узнімае бунт, які завяршаецца расчараваннем для ўсіх. Вандроўца ў часе вяртаецца ў сучаснасць, а яго нашчадкі — да залежнасці ад робатаў.

"Нават калі мы кажам пра будучыню, усё адно маем на ўвазе сучаснасць, а менавіта: нашы страхі і апасенні. Тут мае месца вечная праблема выбару — свабода ці адказнасць", — адзначыў Павел Шкотак. Паводле яго меркавання, жыць "падчас панавання высокіх тэхналогій" добра, але можна "няправільна скарыстацца GPS і апынуцца ў кустах — як у прамым, так і ў пераносным сэнсе".

Спектакль "Планета Лем" рыхтаваўся год, пры гэтым каля чатырох месяцаў ішлі рэпетыцыі і стваралася музыка. Бюджэт пастаноўкі, уключаючы гастрольныя расходы, склаў 1 млн. злотых (310 тыс. долараў ЗША). У спектаклі задзейнічана 15 чалавек. Самае цяжкае ў пастаноўцы, паводле слоў рэжысёра, — паказаць тэхналогіі будучыні, "не маючы галівудскіх спецэфектаў". "Над дэкарацыямі давялося добра папрацаваць, цяпер іх устаноўка займае каля 18 гадзін", — адзначыў рэжысёр.

БелаПАН
12 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/991/10499
Текущая дата: 19.11.2024