Белорусский портал в Казахстане

Мерапрыемствы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання пройдуць і за мяжой



Аб гэтым паведаміў 2 сакавіка намеснік міністра інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.

Плануюцца святочныя мерапрыемствы ў Польшчы, Чэхіі, Сербіі і іншых краінах.

"Скарына - знакавае імя, якое дапамагае кантактаваць з усім светам", - сказаў Аляксандр Карлюкевіч.

Сярод мерапрыемстваў, якія ўжо адбыліся за мяжой, - прадстаўленне беларускай кнігі на 18-й міжнароднай Вільнюскай кніжкай выстаўцы-кірмашы.



Акрамя таго, беларуская дэлегацыя наведала Вільнюскую беларускую гімназію імя Францыска Скарыны, дзе адбыўся круглы стол "Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання".

Гэта мерапрыемства ўключана ў рэспубліканскі план па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Акрамя таго, гімназіі і аб`яднанню беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы перададзены шэсць бібліятэчак новых кніг беларускіх выдавецтваў.

Такія мерапрыемствы пройдуць у розных краінах свету. У Бялградзе запланавана навукова-практычная канферэнцыя, у Маскве таксама адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку прадстаўленне друкарскага станка, які наведвальнікі XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу маглі бачыць у рабоце.

Падключацца да гэтай эстафеты краіны Цэнтральнай Азіі, Кітай.

Ідуць перагаворы аб фармаце скарынаўскіх мерапрыемстваў у Польшчы. Гэтыя падзеі за мяжой будуць праходзіць з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары, дадаў Аляксандр Карлюкевіч.

2 сакавіка 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/1/38807
Текущая дата: 29.03.2024