Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка назваў шэсць важнейшых задач, якія стаяць перад Арганізацыяй Дагавора аб калектыўнай бяспецы на сучасным этапе



Адпаведную заяву Прэзідэнт Беларусі зрабіў 15 чэрвеня на сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў - удзельніц АДКБ.

У якасці важнейшых задач Прэзідэнт вызначыў каардынацыю знешнепалітычнай дзейнасці дзяржаў - членаў АДКБ; супрацоўніцтва Арганізацыі з вядучымі ўніверсальнымі і рэгіянальнымі міжнароднымі структурамі; комплекснае ўмацаванне ваеннага, ваенна-тэхнічнага, антыкрызіснага і міратворчага патэнцыялаў АДКБ.

Гэта таксама процідзеянне міжнароднаму тэрарызму і барацьба з незаконным абаротам наркотыкаў; забеспячэнне стабільнай міграцыйнай абстаноўкі; удасканаленне юрыдычнай асновы і механізмаў узаемадзеяння ў рамках Арганізацыі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пасяджэнне камітэта праходзіць у няпросты час. Міжнародная сітуацыя характарызуецца ростам нестабільнасці, перабудовай адносін паміж сусветнымі цэнтрамі сілы і ўзмацненнем узаемнай канкурэнцыі. Актыўна фарміруюцца ўмовы для пераносу процістаяння ў касмічную сферу, кіберпрастору.

"На граніцах нашых краін нарошчваецца ваенная інфраструктура НАТА, разгортваецца сістэма проціракетнай абароны, рэалізуюцца праекты па стварэнні высокадакладнай зброі. Канфлікты, эканамічныя і сацыяльныя ўзрушэнні прадаўжаюць заставацца крыніцамі міграцыйнага крызісу", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівую пагрозу ўяўляе тэрарыстычная актыўнасць у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, непакоіць процістаянне на паўднёвым усходзе Украіны, у Нагорным Карабаху. Нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, што намеціліся, не ўрэгулявана сітуацыя вакол Прыднястроўя.

"Відавочна, што ў гэтых умовах павышаецца значнасць нашай арганізацыі. У выніку шматфункцыянальнасці ў АДКБ ёсць патэнцыял для таго, каб адыгрываць важкую ролю ў будучай абноўленай архітэктуры бяспекі еўразійскага кантынента", - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён лічыць неабходным своечасова прымаць стратэгічныя рашэнні, заснаваныя на адзінстве і саюзніцкай з`яднанасці, выбудоўваць узгодненыя калектыўныя адказы на глабальныя і рэгіянальныя выклікі.

Як паведамлялася, Беларусь старшынствуе ў АДКБ з 14 кастрычніка 2016 года.

15 чэрвеня 2017, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/1/39695
Текущая дата: 27.04.2024