Белорусский портал в Казахстане

Беларускі фільм «Дачка Прыпяці» прэзентавалі на кінафестывалі ў Сірыі



Дакументальны фільм Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» «Дачка Прыпяці» прыняў удзел у першым Міжнародным жаночым кінафестывалі ў Оперным тэатры Дамаска. Аб гэтым паведамілі на кінастудыі.

Беларусь была прадстаўлена дакументальнай стужкай «Дачка Прыпяці» рэжысёра Ігара Бышнёва.

«Фільм распавядае пра лёс жанчыны сталага ўзросту, якая жыве ў вялікай палескай ракі Прыпяць. Шмат выпрабаванняў выпала на яе долю. Самае важнае для жанчыны — само жыццё. Яна павінна яго абараняць, умацоўваць, усяляць веру. Мы чуем яе ціхі голас, спевы і чытанне малітвы на роднай беларускай мове. Бачым яе слёзы і веру ў жыццё, веру ў працяг роду чалавечага», — распавялі стваральнікі.

Сцэнарысты фільма — Юрый Ігруша, Ігар Бышнеў, аператары — Ігар Бышнеў і Павел Зубрыцкі.

На кінафестывалі дэманстраваліся працы з 11 краін: Беларусі, Сірыі, Аргенціны, Венесуэлы, Індыі, Інданезіі, Палестыны, Пакістана, Філіпін, Чылі і ПАР. Мерапрыемства было прымеркавана да Месяца жаночай гісторыі пад слоганам #Womenmakechanges.

Звязда, 28 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/161/64336
Текущая дата: 09.10.2024