Белорусский портал в Казахстане

Пры падрыхтоўцы сумесных вучэнняў АДКБ улічвалася практыка сучасных узброеных канфліктаў



Аб гэтым заявіў на брыфінгу начальнік Аб`яднанага штаба АДКБ Андрэй Сердзюкоў.

"Мы падышлі да завяршальнага этапу падрыхтоўкі органаў кіравання і фармаванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ - правядзення комплексу сумесных вучэнняў, якія адбудуцца ў верасні - кастрычніку гэтага года. Пры планаванні сумесных мерапрыемстваў намі ўлічваўся вопыт сучасных узброеных канфліктаў, у прыватнасці, спецыяльнай ваеннай аперацыі, вайны ў Сірыі і араба-ізраільскага процістаяння. Пастаянна зменлівыя формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў патрабуюць іх глыбокага аналізу, вывучэння і асваення ў ходзе аператыўнай і баявой падрыхтоўкі", - сказаў Андрэй Сердзюкоў.

Ён адзначыў, што пры планаванні вучэнняў у бягучым годзе асноўны акцэнт зроблены на Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне калектыўнай бяспекі: вучэнні будуць праведзены на тэрыторыях Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана.

Асноўным мерапрыемствам аператыўнай і баявой падрыхтоўкі войскаў (калектыўных сіл) у гэтым годзе стане камандна-штабное вучэнне з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ "Узаемадзеянне-2024", якое пройдзе ў першай палавіне верасня ў Кыргызстане. Там жа ў інтарэсах КСАР будуць праведзены спецыяльныя вучэнні з сіламі і сродкамі разведкі "Пошук-2024" і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння "Эшалон-2024".

"Вучэнні накіраваны на адпрацоўку пытанняў прымянення сіл і сродкаў у мэтах урэгулявання крызіснай сітуацыі. Трэба падкрэсліць, што Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання з`яўляюцца ўніверсальным інструментам сістэмы калектыўнай бяспекі, якія даюць магчымасць адэкватна рэагаваць на ўсе існуючыя выклікі і пагрозы. У ходзе вучэнняў практычна будзе выканана: прывядзенне кантынгентаў калектыўных сіл у вышэйшыя ступені баявой гатоўнасці, стварэнне групоўкі, падрыхтоўка і вядзенне сумеснай аперацыі па вырашэнні ўзброенага канфлікту", - расказаў начальнік Аб`яднанага штаба АДКБ.

У пачатку кастрычніка на тэрыторыі Казахстана пройдзе камандна-штабное вучэнне з Міратворчымі сіламі АДКБ "Непарушнае братэрства - 2024". "У ходзе вучэння плануецца адпрацаваць пытанні перагрупоўкі нацыянальных кантынгентаў, фармавання ў назначаным раёне Калектыўных міратворчых сіл, планавання і правядзення міратворчай аперацыі", - растлумачыў ён.

"На завяршальным этапе ў сярэдзіне кастрычніка будзе праведзена сумеснае вучэнне "Рубеж-2024" з падраздзяленнямі Калектыўных сіл хуткага разгортвання Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёна на тэрыторыі Таджыкістана, якія прызначаны для ўдзелу ў адбіцці знешняй ваеннай агрэсіі, у сумесных агульнавайсковых, контртэрарыстычных і спецыяльных аперацыях. Ва ўмовах горна-пустыннай мясцовасці спланавана адпрацоўка задач, у тым ліку падрыхтоўка органаў кіравання, перагрупоўка воінскіх кантынгентаў, планаванне і вядзенне баявых дзеянняў па ліквідацыі незаконных узброеных фармаванняў", - дадаў Андрэй Сердзюкоў.

29 жніўня 2024, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/21/75002
Текущая дата: 24.12.2024