Белорусский портал в Казахстане

Украіна аднаўляе авіязносіны



Кабінет міністраў Украіны прапанаваў аднавіць унутраныя і міжнародныя авіяперавозкі ў краіне.

Удакладняецца, што ўнутраныя авіязносіны плануецца аднавіць з 5 чэрвеня, міжнародныя - з 15 чэрвеня.

Таксама, па рашэнні Кабінета міністраў Украіны, з 5 чэрвеня аднаўляецца работа ўстаноў грамадскага харчавання, у прыватнасці будзе дазволены прыём наведвальнікаў у памяшканнях - пры ўмове захавання проціэпідэмічных мерапрыемстваў. З гэтага ж дня ва Украіне можна будзе праводзіць рэлігійныя мерапрыемствы на адкрытым паветры - пры гэтым захоўваць дыстанцыю не менш як 1,5 м, а таксама ў памяшканні - пры ўмове знаходжання не больш за аднаго чалавека на 5 кв.м плошчы будынка, расказаў міністр аховы здароўя Украіны Максім Сцяпанаў.

Акрамя гэтага з 5 чэрвеня асобам, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту, дазволена не выконваць умовы самаізаляцыі.

Каранцін ва Украіне прадаўжаецца з 12 сакавіка. На гэты момант ён прадоўжаны да 22 чэрвеня, аднак з 22 мая яго зрабілі адаптыўным - з магчымасцю аслаблення па рэгіёнах, у залежнасці ад сітуацыі з распаўсюджваннем COVID-19.

Ва Украіне на 3 чэрвеня зафіксавана 24 823 выпадкі каранавіруса, 10 440 пацыентаў выздаравелі, 735 - памерлі. Кіраўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ханс Клюге на брыфінгу 3 чэрвеня адзначыў, што ва Украіне назіраецца паступовая стабілізацыя сітуацыі з COVID-19 і зніжэнне колькасці новых выпадкаў заражэння.

3 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/287/53918
Текущая дата: 20.11.2024