Белорусский портал в Казахстане

Беларускія нафтавікі на 30 працэнтаў перавысілі сутачны рэкорд свідравання сібірскіх нетраў



Супрацоўнікі ТАА "Беларуснафта-Сібір" (паўночнага актыву ВА "Беларуснафта") за суткі прабурылі 952 м сібірскіх нетраў. Папярэдняя рэкордная планка ўзнята адразу на 30 працэнтаў, паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

Гэта другі за 2,5 месяца рэкорд сутачнай праходкі пры эксплуатацыйным свідраванні. "Абодва дасягненні на рахунку буравой брыгады нумар 17, якая працуе на Раманаўскім радовішчы. Кіруе калектывам майстар Віталь Лахураў. Работнікі аснашчаны мабільным буравым агрэгатам АРС-200 вытворчасці гомельскага ААТ "Сейсматэхніка", - расказалі на прадпрыемстве.

Новы рэкорд быў устаноўлены пры будаўніцтве эксплуатацыйнай свідравіны нумар 1106 куст 5. У адпаведнасці з праектам глыбіня свідравіны складзе 4325 м. Радовішча распрацоўвае АТ "Газпрамнафта-Наябрскнафтагаз".

ААА "Беларуснафта-Сібір" актывізавала партнёрства з АТ "Газпрамнафта-Наябрскнафтагаз" у мінулым годзе. Кантракт разлічаны на тры гады. У далейшым беларускія нафтавікі разлічваюць наладзіць доўгатэрміновае супрацоўніцтва з гэтай кампаніяй.

Паўночны актыў ВА "Беларуснафта" - ТАА "Беларуснафта-Сібір" - створаны ў 2008 годзе. Сярод яго асноўных відаў дзейнасці - бурэнне бакавых ствалоў, свідравін, капітальны і бягучы рамонт свідравін, сэрвіс па суправаджэнні буравых прамывачных вадкасцей, тампанажныя работы і г.д. Апошнім часам калектыў таварыства абнаўляе рэкорды па гадавой праходцы пры будаўніцтве свідравін і па колькасці прасвідраваных бакавых ствалоў.

25 мая 2020, Гомель
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/289/53701
Текущая дата: 20.11.2024