Белорусский портал в Казахстане

Беларусь са шкадаваннем успрыняла рашэнне ЗША аб выхадзе з Дагавора па адкрытым небе



Гэта адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Андрэй Шупляк, каментуючы рашэнне ЗША.

"Дагавор мае асобае значэнне для нашай краіны. Ён стаў адным з першых міжнародна-прававых інструментаў з удзелам Беларусі пасля набыцця ёю незалежнасці, - падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства. - Дагавор па адкрытым небе з`яўляецца адным з найбольш значных і эфектыўна дзеючых ваенна-палітычных інструментаў на прасторы ад Ванкувера да Уладзівастока. Ён уносіць важкі ўклад у павышэнне транспарэнтнасці і прадказальнасці ў ваеннай сферы і ўмацаванне даверу паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі.

Андрэй Шупляк звярнуў увагу, што больш за 1,5 тыс. наглядальных палётаў, праведзеных за гады выканання дагавора, сталі наглядным прыкладам яго запатрабаванасці і жыццяздольнасці ў зменлівай ваенна-палітычнай абстаноўцы на еўраатлантычнай прасторы.

"ЗША з`яўляюцца важным удзельнікам дагавора і ўносяць істотны ўклад у яго паспяховае ажыццяўленне. Перакананы: ні адна краіна не зацікаўлена ў далейшым зніжэнні даверу і росце ваенна-палітычнай напружанасці ў свеце, нанясенні сур`ёзнага ўрону архітэктуры агульнаеўрапейскай бяспекі і кантролю над узбраеннямі. Цвёрда прытрымліваемся пазіцыі аб тым, што ўсе праблемы можна і трэба вырашаць з дапамогай раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу ў рамках Кансультатыўнай камісіі па адкрытым небе, спецыяльна створанай для разгляду пытанняў, звязаных з выкананнем палажэнняў дагавора", - падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС.

Беларусь гатова да канструктыўнага ўзаемадзеяння па ўмацаванні Дагавора па адкрытым небе і павышэнні яго эфектыўнасці з усімі дзяржавамі-ўдзельніцамі, у тым ліку напярэдадні запланаванай на 2020 год чацвёртай канферэнцыі па разглядзе дзеяння дагавора, заявіў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

22 мая 2020, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/290/53669
Текущая дата: 20.11.2024