Белорусский портал в Казахстане

У ЗША каталіцкі святар выйграў конкурс піваварэння



Пра гэта паведамляе Star Telegramm.

Не, гэты святар не мае нямецкіх каранёў. Але ён цікавіцца традыцыяй піваварэння айцоў трапістаў, якія займаюцца гэтай справай з часоў Сярэднявечча.

Ксёндз Джэф Пуаро, пробашч касцёла Святой Сям’і з Форт-Уорта ў ЗША, здабыў перамогу ў Нацыянальным конкурсе хатняга піваварэння ў Мінесоце. 

«Гэта ўсяго толькі хобі, якое мне ўдаецца. Але я ніколі не хацеў, каб яно перашкаджала мне ў святарскім служэнні», — прызнаецца 43-гадовы святар.

Піва святар варыць у сваім гаражы з сябрам і парафіянінам Нікам МакКоем — па аўторках, у вольны ад душпастырскіх спраў час.

У гэтым годзе іх дуэт перамог у двух намінацыях, у тым ліку як лепшы «Бельгійскі і трапісцкі эль». Каталіцкія півавары набралі ў суме больш за ўсіх балаў і выйгралі конкурс. У спаборніцтве прымала ўдзел больш за 8 600 розных гатункаў піва ў 33 катэгорыях.

Цікавасць да традыцый піваварэння трапістамі разам з сябрам святар паглыбляе на месцы: ужо некалькі разоў яны наведвалі піваварні пры трапісцкіх кляштарах, у тым ліку і абацтва Вествлетэрэн у Бельгіі, адкуль паходзіць і гатунак піва Westvleteren 12, якое лічыцца адным з лепшых у свеце.

catholic.by, 19 ліпеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/3/40073
Текущая дата: 06.05.2024