Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з журналістамі пры наведванні III Чэмпіянату па колцы дроў сярод СМІ пракаментаваў вынікі выбараў у ЗША.
"Трамп, вядома, гэта моц. Як бы я да яго не адносіўся, ён малайчына. Цяжка было паверыць, што ён зможа выйграць. Стралялі, душылі, пасадзіць хацелі і іншае, але ён як бульдозер прайшоўся. І прайшоўся пасля таго, як ён папрацаваў ужо нібыта няўдала. Нібыта (!) няўдала. Таму гэта яго асабісты подзвіг у імя амерыканскага народа, ён малайчына з гэтага пункту гледжання. Камала... гераічная жанчына, і ёй не трэба плакаць. Я сёння паглядзеў, перажывае: прайграла. Амерыка гатова выбраць чарнаскурага Прэзідэнта, але Амерыка не гатова яшчэ выбраць жанчыну. Амерыка да гэтага не гатова. І яна нос у нос ішла з гэтым "бульдозерам". Яна зрабіла ўсё магчымае і немагчымае. Яна малайчына, таму плакаць ёй ні ў якім разе нельга", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу, што дэмакраты пасля паражэння не заклікалі сваіх прыхільнікаў выходзіць на пратэсты або з кайлом і сякерай ісці на органы ўлады. І гэта, паводле слоў Прэзідэнта, навука для збеглай апазіцыі. "Прайгралі - будзем працаваць далей. Гэта з боку Дэмакратычнай партыі добры прыклад для ўсяго свету", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, што яму ўсё роўна, хто выйграў выбары ў ЗША. "Я ведаю, што ў мяне ёсць кавалак зямлі, які я павінен забяспечыць і абараніць, мае людзі. Я проста выказваю сваё меркаванне. Мне ўсё роўна, хто там перамог, але не ўсё роўна, якую палітыку Амерыка будзе праводзіць, таму што гэта трэць сусветнай эканомікі, а эканоміка - галоўнае", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама заўважыў, што на выбарах у Беларусі і Дональд Трамп, і Камала Карыс пры такой ачумелай палітыцы, як яны праводзяць у ЗША, наогул не набралі б галасоў.
"Гэта выключна амерыканскі варыянт, ён адбыўся. Гэта іх справа", - дадаў Прэзідэнт.
7 лістапада 2024, Мінск
БЕЛТА
7 лістапада 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/3/75751
Текущая дата: 26.11.2024