Белорусский портал в Казахстане

На Украіне адкрыюць рынак зямлі з 1 ліпеня 2021 года



Вярхоўная Рада прыняла закон аб абароце зямель сельскагаспадарчага прызначэння, які ўводзіць рынак зямлі на Украіне з 1 ліпеня 2021 года.

За прыняцце законапраекта ў другім чытанні і ў цэлым прагаласавалі 259 народных дэпутатаў пры неабходным мінімуме ў 226 галасоў.

Як паказана ў параўнальнай табліцы да другога чытання законапраекта, набываць права ўласнасці на земучасткі сельгаспрызначэння з 1 ліпеня 2021 года могуць выключна фізасобы - грамадзяне Украіны. Пры гэтым аб`ёмы канцэнтрацыі на адну фізасобу не павінны перавышаць 100 гектар.

З 1 студзеня 2024 года сельгасземлі змогуць набываць юрыдычныя асобы (зарэгістраваныя ва Украіне і ўдзельнікі якіх - грамадзяне Украіны), памер канцэнтрацыі - да 10 000 гектар. Забараняецца продаж зямель замежнікам, юрасобам з замежнымі акцыянерамі і юрасобам, бенефіцыяраў якіх немагчыма ўсталяваць або бенефіцыяры якіх зарэгістраваныя ў афшорных зонах, а таксама асобам, супраць якіх дзейнічаюць спецыяльныя эканамічныя і іншыя санкцыі.

Пры гэтым закон забараняе продаж сельгасзямель камунальнай і дзяржаўнай уласнасці.

Згодна з дакументам, разлікі, звязаныя з выплатай цаны зямельных участкаў сельскагаспадарчага прызначэння, ажыццяўляюцца ў безнаяўнай форме.

Таксама закон даручае Кабінету Міністраў Украіны ў шасцімесячны тэрмін са дня апублікавання распрацаваць і зацвердзіць парадак фінансавай падтрымкі грамадзян і юрыдычных асоб (у тым ліку фермерскіх гаспадарак) для набыцця зямельных участкаў сельгаспрызначэння, а таксама ўнесці змены ў бюджэт для стварэння Фонду развіцця сельскіх тэрыторый.

Паводле прагнозаў Сусветнага банку, адкрыццё рынку зямлі сельгаспрызначэння можа штогод прыносіць ўкраінскай эканоміцы дадаткова ад 700 млн да 1,5 млрд долараў.

Звязда, 31 сакавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/304/52345
Текущая дата: 20.11.2024