Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне Вярхоўнаму лідару Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Хаменеі ў сувязі з трагічнай гібеллю Прэзідэнта гэтай краіны Эбрахіма Раісі і шэрагу высокапастаўленых кіраўнікоў



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі гэту вестку.

«Сышлі з жыцця выбітныя сыны іранскага народа, сусветна вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, актыўная работа і рашучыя крокі якіх забяспечвалі належныя пазіцыі Ісламскай Рэспублікі Іран у свеце, спрыялі ўмацаванню і росту высокага статусу дзяржавы на міжнароднай арэне», — гаворыцца ў спачуванні.

«Прэзідэнт Эбрахім Раісі застанецца ў гісторыі як мудры лідар, які ўсё сваё жыццё прысвяціў самаадданаму і бескарысліваму служэнню іранскаму народу, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я назаўжды захаваю самыя цёплыя ўспаміны аб сустрэчах і размовах са спадаром прэзідэнтам, які быў сапраўдным сябрам Беларусі і шмат клапаціўся аб развіцці беларуска-іранскага супрацоўніцтва. Яго імя назаўжды ўнесена ў летапіс адносін нашых краін».

Ад імя беларускага народа і сябе асабіста Прэзідэнт таксама выказаў шчырыя спачуванні і словы падтрымкі родным і блізкім загінуўшых, усяму іранскаму народу.

Звязда, 20 траўня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/32/74193
Текущая дата: 26.12.2024