Белорусский портал в Казахстане

Дні культуры Беларусі ў Японіі пройдуць 18-21 красавіка



Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Васіль Галаван 9 красавіка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай падрыхтоўцы мерапрыемства.

Васіль Галаван адзначыў, што такія акцыі закліканы папулярызаваць беларускую культуру і ўмацоўваць імідж краіны на міжнароднай арэне, таму іх правядзенню надаецца павышаная ўвага.

Заслужаная артыстка Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына Дарафеева назвала будучыя Дні культуры ў Японіі знакавай падзеяй для двухбаковых адносін. Паводле яе слоў, мерапрыемства будзе прысвечана, у прыватнасці, 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Артысты, у ліку якіх Ірына Дарафеева і група "Красуні", маюць намер азнаёміць японскую публіку з беларускім выканальніцкім мастацтвам. "Праз музыку і мастацтва мы раскажам пра нашу краіну", - адзначыла спявачка.

Дэпутат дадала, што паездка ў Японію прадугледжвае і дзелавую праграму, у тым ліку сустрэчы з кіраўніцтвам міжпарламенцкай беларуска-японскай групы дружбы, а таксама шэрага міністэрстваў, прэфектур і гарадоў. Намечана сустрэча ў пасольстве Расіі, прымеркаваная да юбілею ўтварэння Саюзнай дзяржавы, на якую запрошаны палітыкі, бізнесмены, а таксама беларускія дыпламаты і прадстаўнікі дыяспары.

Дні культуры Беларусі ў Японіі рыхтуюцца Міністэрствам культуры і беларускім пасольствам у Токіа.

10 красавіка 2019, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/337/47531
Текущая дата: 13.10.2024