У Лібіі войскі, падначаленыя ўраду, 20 красавіка пачалі контарнаступ на войска генэрала Халіфы Хафтара, якое вядзе наступ на Трыпалі. Жыхары паўднёвых раёнаў лібійскай сталіцы чуюць гукі кананады.
Упраўленьне грамадзянскай авіяцыі Лібіі абвясьціла аб закрыцьці паветранай прасторы над міжнародным аэрапортам Мітыга, адзіным зь дзейных буйных аэрапортаў Лібіі. Пра гэта паведамляюць заходнія СМІ.
На днях Вайсковая пракуратура Лібіі санкцыянавала арышт камандуючага самаабвешчанай «Лівійскай нацыянальнай арміяй» Халіфы Хафтара і некалькіх яго падначаленых. Іх абвінавачваюць у авіяналёце на жылы квартал у лібійскай сталіцы, паведамляе DW.
Неўзабаве прэс-служба Белага дома паведаміла, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп па тэлефоне абмеркаваў з Хафтарам яго «намаганьні па барацьбе з тэрарызмам» і «неабходнасьць дасягнуць міру і стабільнасьці» ў Лібіі.
Лібійскага генэрала падтрымліваюць Эгіпет, ААЭ і Расея. Халіфа Хафтар у апошнія гады неаднаразова наведваў Маскву і праводзіў перамовы зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шойгу, апошні візыт адбыўся ў лістападзе 2018 году. На яго сустрэчы з кіраўніком Мінабароны Расеі быў заўважаны бізнэсоўца Яўген Прыгожын, якога зьвязваюць з «ПВК Вагнэра».
4 красавіка Халіфа Хафтар абвясьціў пра пачатак наступу на Трыпалі. У той жа дзень пачаліся першыя баі, у выніку якіх «Лібійская нацыянальная армія» ўзяла пад кантроль некалькі населеных пунктаў. З тых часоў загінулі ня менш за 200 чалавек.
Рада бясьпекі ААН і кіраўнікі МЗС «Вялікай сямёркі» (G7) заклікалі Хафтара спыніць ваенныя дзеяньні ў Лібіі, адзначыўшы, што канфлікт нельга вырашыць ваенным шляхам.
У Лібіі працяглы час захоўваецца двоеўладзьдзе: на ўсходзе краіны, у горадзе Тобрук, знаходзіцца парлямэнт, а на захадзе, у сталіцы Трыпалі, грунтуецца сфармаваны пры падтрымцы ААН і прызнаны міжнароднай супольнасьцю ўрад нацыянальнай згоды пад кіраўніцтвам Фаеза Сараджа. Улады на ўсходзе краіны дзейнічаюць незалежна ад Трыпалі, абапіраючыся на нацыянальную армію на чале з маршалам Хафтарам.
Радыё Свабода, 21 красавіка 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/341/47681
Текущая дата: 19.11.2024