Пасьля дзесяцімесячнай працы перакладчыцы і выдаўцоў на гэтым тыдні выйшла ў чэскім перакладзе кніга мэмуараў Ларысы Геніюш «Споведзь». У чэскім выданьні кніга называецца «Пані доктарава 0-289, або з Чэхаславаччыны да ГУЛАГу».
Кнігу пераклала Сьвятлана Вранава. Гэта ўжо пятая кніга, якую яна пераклала зь беларускай. Роўна год таму выйшла кніга турэмнай прозы Зьмітра Дашкевіча «Чарвяк».
Як паведаміла перакладчыца ў Фэйсбуку, гэтая кніга была вынікам калектыўнай працы. Яна падзякавала чэскім беларусам Алене Ціхановіч і Сяргею Кныревічу за іх працу ў архівах, напісаньне тлумачэньняў і камэнтароў для кнігі, за кансультацыі і карэктуры перакладу.
Вершы Ларысы Геніюш пераклаў для кнігі Макс Шчур. Сямейныя фатаграфіі і іншыя дакумэнты перадаў для выданьня ўнук паэткі Міхась Геніюш.
Кніга выйшла ў Брне ў «Картузіанскім выдавецтве». Выдавец Іржы Браўнэр так тлумачыць, чаму ён далучыўся да гэтага праекту:
«Адзін мой знаёмы, чэх маладзейшага пакаленьня, ня ведаў, што такое ГУЛАГ. Тады я яму даў пачытаць кнігу ўспамінаў пані Соснаравай — яна напалову чэшка, напалову расейка. Разам з расейскай маці, яе і сястру пасьля вайны вывезьлі ў ГУЛАГ. Тое, зь якімі словамі той чалавек потым кнігу вяртаў, мяне абавязвае працаваць надалей», — кажа выдавец Іржы Браўнэр.
На паліцах кнігарняў кніга зьявіцца ў новым годзе.
Радыё Свабода, 23 сьнежня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/351/46199
Текущая дата: 19.11.2024