Белорусский портал в Казахстане

У прэстыжным опэрным конкурсе «Апэралія Плясыда Дамінга» перамог беларус Павал Пятроў



​Конкурс маладых опэрных сьпевакоў Operalia абвясьціў пераможцаў 2018 году. Сярод мужчын першы прыз атрымаў беларускі тэнар Павал Пятроў. Сярод жанчын перамагла канадзкая мэца-сапрана Эмілі д’Анджэлё.

Другі прыз дастаўся расейскаму тэнару Міграну Агаджаньяну і амэрыканскай мэца-сапрана Саманце Гэнкі.



Прызы за трэцяе месца былі перададзеныя расейскаму тэнару Арсенію Якаўлеву і канадзкай мэца-сапрана Рыгаб Шаеб.

Узнагароды за выкананьне сарсўэлі, прысьвечаныя бацькам Дамінга, былі перададзеныя Паўлу Пятрову, Луісу Гомесу і Эмілі д’Анджэлё.

Прэмію Culturarte, прапанаваную Гільлерма і Бэртытай Мартынэс, прысудзілі Джосу Сантасу, які змагаўся за прэмію сарсўэлі.

Прэмія Біргіт Нільсан была прысуджана Саманце Гэнкі і Эмілі д’Анджэлё.

Прызы сымпатыі гледачоў (гадзіньнікі Rolex) атрымалі Луіс Гомес і Эмілі д’Анджэлё.

Усе астатнія фіналісты атрымалі заахвочвальную прэмію ў памеры $ 5000.

Прызы прысуджаюцца ў наступных катэгорыях:

Дзьве першыя прэміі — мужчына/жанчына — US $ 30 000;
Дзьве другія прэміі — мужчына/жанчына — US $ 20 000;
Дзьве трэція прэміі — мужчына/жанчына — US $ 10 000;
Два прызы Біргіт Нільсан — мужчына/жанчына — US $ 15 000;
Прыз Пэпіты Эмбіл дэ Дамінга за выкананьне сарсўэлі — US $ 10 000;
Прэмія Плясыда Дамінга-старэйшага за выкананьне сарсўэлі — US $ 10 000;
Два прызы сымпатыі гледачоў — мужчына/жанчына — наручныя гадзіньнікі Rolex;
Прэміі Culturarte Бэртытай і Гільлерма Мартынэсаў з Culturarte-дэ-Пуэрта-Рыка — US $ 10 000;
Агульная сума прэміі: US $ 180 000 + два наручныя гадзіньнікі Rolex.

Міжнародны конкурс опэрных сьпевакоў «Апэралія» (Operalia), адзін з самых прэстыжных вакальных конкурсаў, быў заснаваны ў 1993 годзе. Заснавальнікам і галоўным мастацкім кіраўніком яго зьяўляецца Плясыда Дамінга.

Мэта конкурсу — знайсьці новыя опэрныя таленты і дапамагчы ў іх далейшым кар`ерным росьце. Конкурс «Апэралія» адкрыты для ўсіх удзельнікаў ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў ва ўсіх галасавых катэгорыях, гатовых працягнуць далейшую сваю карʼеру на вялікіх опэрных сцэнах.

Кожны год у штаб-кватэру конкурсу ў Парыжы прыходзіць каля 1000 заявак ад ахвотных прыняць удзел у спаборніцтве. Адборачнае журы запрашае сорак лепшых кандыдатаў для ўдзелу ў конкурсе (некалькі прэтэндэнтаў трымаюцца ў рэзэрве, на ўсялякі выпадак).

Сам конкурс праходзіць у некалькі этапаў. На працягу двух дзён праходзяць чвэрцьфіналы, кожны ўдзельнік павінен падрыхтаваць чатыры арыі і выканаць адну на свой выбар і другую на выбар журы. Журы пад старшынствам Плясыда Дамінга (у якасьці сябра журы бяз права голасу) выбірае 20 паўфіналістаў, якія павінны выканаць арыю на выбар журы, з 20 паўфіналістаў у фінал выходзяць 10 выканаўцаў. Чвэрць- і паўфіналы праходзяць пад акампанэмэнт піяністаў, фінал і заключны галя-канцэрт — у суправаджэньні сымфанічнага аркестра. Плясыда Дамінга прысутнічае на працягу ўсяго конкурсу, але ён не галасуе, а ажыцьцяўляе агульнае кіраваньне.

Сам удзел у конкурсе і тым больш перамога ў ім — гэта добры старт для будучай удалай карʼеры. Паколькі журы складаецца ў асноўным зь вядомых опэрных рэжысэраў-пастаноўшчыкаў, якія працуюць у самых прэстыжных опэрных тэатрах сьвету, то яны часта запрашаюць канкурсантаў для ўдзелу ў будучых спэктаклях.

«Апэралія» праходзіць кожны год у розных гарадах сьвету.

Радыё Свабода, 3 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/363/44819
Текущая дата: 18.11.2024