Белорусский портал в Казахстане

Беларусь адмовіла ў выдачы экс-прэм`ера Кыргызстана па палітычных матывах



Генеральная пракуратура Беларусі адмовіла Кыргызстану ў выдачы былога прэм`ер-міністра гэтай краіны Даніяра Усенава па палітычных матывах.

"Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь 7 ліпеня 2018 года адмовіла ў выдачы Усенава Д.Т. у Кыргызскую Рэспубліку на падставе падпункта "е" пункта 1 артыкула 89 Канвенцыі, паколькі мела важкія падставы меркаваць, што хадайніцтва аб выдачы звязана з яго пераследам па прыкмеце палітычных перакананняў", — паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры.

Нагадаем, Генпракуратура Кыргызстана двойчы звярталася да беларускіх праваахоўных органаў з запытам аб выдачы Усенава, які ў Беларусі змяніў анкетныя дадзеныя на Данііла Урыцкага, але ёй адмаўлялі.

28 ліпеня Міністэрства замежных спраў Кыргызстана ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Кыргызстане ноту, у якой выказаны пратэст у сувязі са "знаходжаннем і ажыццяўленнем дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь асуджанага ў Кыргызстане на пажыццёвы тэрмін Даніяра Усенава, што з`яўляецца абсалютна непрымальным".

Даніяр Усенаў узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта, а затым і ўрад Кыргызстана са студзеня 2009 года па красавік 2010-га, калі ва ўладзе знаходзіўся Курманбек Бакіеў. Пасля антыўрадавых выступленняў, падчас якіх у Бішкеку, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 84 чалавекі, адбылася змена ўлады, Усенаў, як і Бакіеў, пакінуў краіну. Пасля ён быў завочна асуджаны на пажыццёвае зняволенне за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і саўдзел у забойстве.

У снежні 2017 года з`явілася інфармацыя, што Усенаў знаходзіцца ў Беларусі, атрымаў пашпарт на імя Данііла Урыцкага і ўзначальвае Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю (БНБК).

27 ліпеня гэтага года Урыцкі ўпершыню з`явіўся на публіцы. Ён удзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі пачатку будаўніцтва буйнога аграрнага праекта, які рэалізуе БНБК у Пухавічскім раёне. Пасля афіцыйных мерапрыемстваў інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by удалося пагутарыць з Урыцкім. Ён фактычна абверг, што з`яўляецца Даніярам Усенавым. "Я чуў, што Даніяр Усенаў, прэм`ер-міністр Рэспублікі Кыргызстан, памёр у 2013 годзе ў Малайзіі", — сказаў ён.

Аднак у Кыргызстане не сумняваюцца, што Урыцкі — гэта Усенаў. Акрамя іншых яго пазнала былая жонка, дэпутат кіргізскага парламента Дынара Ісаева.

Варта адзначыць, што ў Беларусі таксама жыве Курманбек Бакіеў. Ён атрымаў беларускае грамадзянства. У Кыргызстане неаднаразова патрабавалі ад Мінска яго выдачы, але кожны раз атрымлівалі адмову.

Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН
Мінск, 31 ліпеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/366/44392
Текущая дата: 18.11.2024