Белорусский портал в Казахстане

Турэччына застанецца членам NATO і кандыдатам на ўступленьне ў Эўразьвяз



Выступаючы перад сваімі прыхільнікамі, прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што ня будзе ніякага адступленьня ад яго лініі захаваць Турэччыну ў статусе кандыдата на ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз.

У краіне адначасова праходзілі прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары.

Пасьля падліку амаль усіх бюлетэняў Эрдаган мае каля 53% галасоў, а яго асноўны апазыцыйны супернік Мухарэм Інджэ — 31%.

Партыя справядлівасьці і разьвіцьця, якую прадстаўляе Эрдаган, набрала 42,5% галасоў. Яго саюзьнікі правыя нацыяналісты набралі 11 адсоткаў. Гэта перавысіла чаканьні сацыёлягаў.

Галоўны супернік Эрдагана — апазыцыянэр Мухарам Інджэ заявіў, што прызнае вынікі выбараў. Пра гэта паведамляюць мясцовыя СМІ.

«Я прызнаю вынікі гэтых выбараў», — сказаў Інджэ на прэсавай канфэрэнцыі ў Анкары. Ён заклікаў Эрдагана быць «прэзыдэнтам усіх турак» і «прадстаўляць інтарэсы ўсіх 80 мільёнаў» грамадзян Турэччыны.

«Мы будзем працягваць нашу барацьбу да таго моманту, пакуль Турцыя ня стане краінай для кожнага», — дадаў Мухарам Інджэ.

Эўракамісія з нагоды выбараў у Турэччыне заявіла пра свае спадзяваньні на тое, што Анкара застанецца верным партнэрам Эўрапейскага Зьвязу пасьля выбараў, якія далі Рэджэпу Эрдагану новыя пашыраныя паўнамоцтвы.

«Мы спадзяемся, што пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Эрдагана Турэчына застанецца верным партнэрам для Эўрапейскага Зьвязу па асноўных пытаньнях, што ўяўляюць агульны інтарэс, такіх як міграцыя, бясьпека, рэгіянальная стабільнасьць і барацьба з тэрарызмам», — сказаў на брыфінгу прадстаўнік Эўрапейскай камісіі.

Таксама і прэсавы прадстаўнікі прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй заявіў, што яго краіна спадзяецца на цесныя сувязі з Турэччынай пасьля выбараў.

Радыё Свабода, 25 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/370/43960
Текущая дата: 18.11.2024