2 чэрвеня прэс-служба Святога Пасаду паведаміла, пра што ішла гаворка падчас сустрэчы папы Францішка з дэлегацыяй Рускай Праваслаўнай Царквы на чале з кіраўніком аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапалітам Валакаламскім Іларыёнам (Алфеевым).
Сустрэча працягвалася каля гадзіны. Вітаючы прадстаўнікоў найбольшай памеснай Праваслаўнай Царквы ў свеце, Святы Айцец зазначыў, што шлях адзінства — гэта адзіны надзейны шлях, і выказаў сваю радасць ад кожнай сустрэчы, якая дапамагае жыць верай і ісці разам.
«Я задаволены магчымасцю ісці разам з вамі шляхам адзінства: адзіным шляхам, які абяцае нам штосьці надзейнае, таму што шлях падзелу вядзе нас да войнаў і разбурэння. Я жадаю запэўніць вас, асаблівым чынам цябе, дарагі браце, і ўсіх вас, што Каталіцкі Касцёл ніколі не дапусціць, каб у яго членаў з’яўлялася стаўленне падзелу. Мы ніколі сабе гэтага не дазволім, я гэтага не жадаю», — падкрэсліў Папа.
Насуперак тым, хто ўпарта ўздымае «штандар уніятызму», які «ўжо больш не актуальны», а, па словах Папы, яму самому «нават прычыняе боль», Пантыфік заўважыў, што «ў Маскве і ў Расіі ёсць адзіны Патрыярхат — ваш» і што «ў нас там не будзе іншага».
«Неабходна паважаць Цэрквы, якія знаходзяцца ў адзінстве з Рымам, але уніятызм як шлях да адзінства сёння не падыходзіць. Мяне, наадварот, суцяшае, калі я бачу прыязна працягнутую руку, братнія абдымкі, аднадумства, рух наустрач. Экуменізм адбываецца ў руху. Будзем жа рухацца!» — сцвердзіў пастыр Паўсюднага Касцёла.
Святы Айцец заклікаў рухацца разам, не чакаючы «дактрынальнага пагаднення» па ўсім тым, што яшчэ нас падзяляе, па ўсіх нявырашаных пытаннях, але ісці шляхам дыялогу і малітвы. Пры гэтым ён адзначыў неабходнасць вывучаць тэалогію і высвятляць пазіцыі. На яго думку, неабходна гэтым займацца і адначасова рухацца наперад з любоўю і малітвай.
Папа Францішак узгадаў таксама гістарычную сустрэчу з Патрыярхам Кірылам, якога назваў «братам», зазаначыўшы, што яна стала крокам згоды і прымірэння. На заканчэнне наступнік Пятра звярнуў увагу на дзве важныя рэчы.
Першая — гэта ўзаемапавага і неўмяшальніцтва.
«Каталіцкі Касцёл, Каталіцкія Касцёлы не павінны ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рускай Праваслаўнай Царквы, а таксама не павінны лезці ў палітыку. Гэта маё стаўленне, гэта стаўленне Святога Пасаду сёння. Тыя, хто будзе ў гэта ўмешвацца, праявяць непаслухмянасць Святому Пасаду», — перасцярог Папа.
Другая важная рэч, на яго думку, — гэта пабожнасць, якая праяўляецца ў асабістай малітве і ў малітве адных за другіх. Святы Айцец прызнаўся, што ён кожны вечар і кожную раніцу моліцца перад рэліквіямі святога Серафіма Сароўскага, падараванымі яму патрыярхам Кірылам.
Catholic.by, 3 чэрвеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/372/43713
Текущая дата: 18.11.2024