Белорусский портал в Казахстане

Папа Францішак кажа пра рызыкі новых ідэалогій, заснаваных на старых мадэлях



Папа Францішак напісаў прадмову да збору твораў Бэнэдыкта XVI аб адносінах паміж верай і палітыкай. Выданне ўбачыць свет 11 мая.

Маючы на ўвазе канфрантацыю Ёзафа Ратцынгера з нацысцкім таталітарызмам і марксізмам, яго наступнік на пасадзе св. Пятра ўказвае на рызыкі новых ідэалогій, заснаваных на старых мадэлях: абсалютызацыю дзяржавы і адмову ад факту, што чалавек залежыць ад Бога і створаны Ім.

Для таго, каб абараніць чалавека ад усіх відаў ідэалагічнага рэдукцыянізму, трэба прызнаць, што паслухмянасць Богу з’яўляецца мяжой чалавечага падпарадкавання дзяржаве. Прыняцце гэтага выкліку ў час эпахальных пераўтварэнняў, якія мы перажываем сёння, азначае, што трэба бараніць сям’ю, патлумачыў Святы Айцец.

У кароткім тэксце ён прыводзіць асноўныя этапы развіцця думкі свайго папярэдніка адносна суадносін веры і палітыкі, пачынаючы з роздуму над межамі падпарадкавання дзяржаве, што ўзнікае з непасрэднага вопыту нацысцкага таталітарызму.

Ёзаф Ратцынгер, працуючы поруч з Янам Паўлам ІІ, сутыкнуўся і з праблемай марксісцкай ідэалогіі. У сваіх творах ён дэманструе, што яе асноўная праблема заключаецца ў адмове ад залежнасці ад Бога. Адсюль памылковае разуменне адкуплення, якое выяўляецца ў вызваленні ад усіх залежнасцяў. Між тым, адзіны шлях, які вядзе да вызвалення — гэта поўная залежнасць ад Божай любові.

Папа Францішак адзначае, што спакуса адмаўлення залежнасці чалавека ад Бога і яго паходжання ад Творцы сёння зноў вельмі актуальная і з’яўляецца ў новых формах.

У прыватнасці, ён згадвае небяспеку каланізацыі сумлення ідэалогіяй, што адмаўляе натуральны парадак, паводле якога чалавек існуе як мужчына і жанчына, на якіх была ўскладзена задача перадачы жыцця. Ён таксама кажа пра ідэалогію, якая вядзе да «тэхнічнай вытворчасці» чалавечых істот і праве на іх знішчэнне.

«Ёзаф Ратцынгер, — піша папа Францішак, — паказвае нам, што гэтыя ілюзорныя правы чалавека, накіраваныя на яго самаразбурэнне, маюць адзін агульны назоўнік у адмаўленні залежнасці чалавека ад Бога, адмаўленні таго, што ён з’яўляецца Яго стварэннем і жадае Яго».

Пантыфік далей сцвярджае, што адмаўленне гэтай залежнасці прыводзіць да вырачэння ад сапраўднай велічы чалавека, асноваў яго свабоды і годнасці. Менавіта ў гэтым кантэксце Папа паказвае на неабходнасць абароны сям’і ў наш час. Ён цытуе вядомыя словы Яна Паўла II, што «будучыня чалавецтва праходзіць праз сям’ю».

Catholic.by, 8 траўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/375/43366
Текущая дата: 18.11.2024