Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў Міністэрству замежных спраў падрыхтаваць прапановы аб адклiканьнi ўкраінскіх прадстаўнікоў з каардынацыйных органаў Садружнасьці незалежных дзяржаў у Менску.
«Мы будзем зьвяртацца ў парлямэнт для скасаваньня пагадненьня аб удзеле Ўкраіны ў каардынацыйных органах СНД, якое было ратыфікавана парлямэнтам, ды шэрагу іншых пагадненьняў, якія больш ня маюць сэнсу для Ўкраіны», — заявіў Пятро Парашэнка сёньня на паседжаньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.
Рада нацыянальнай бясьпекі падтрымала гэтае рашэньне.
Выканаўчы дырэктар Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» (Кіеў) Аляксандар Лявонаў адказаў пра далейшы лёс дачыненьняў Украіны з СНД:
— Гэта рашэньне, па сутнасьці, ёсьць легітымізацыяй таго стану, у якім знаходзіліся дачыненьні Ўкраіны з СНД апошнія чатыры гады. Яны былі фактычна замарожаныя, а краіна мінімізавала свой удзел у мерапрыемствах гэтай арганізацыі. Але ёсьць адзін нюанс — Украіна ніколі не была паўнавартасным сябрам СНД, паколькі нацыянальны парлямэнт за ўвесь гэты час так і не ратыфікаваў статут Садружнасьці.
Усе гэтыя чатыры гады арганізацыя ніякім чынам не рэагавала на сытуацыю ва Ўкраіне, не змагла даць ацэнку анэксіі Расеяй Крыму і расейскай агрэсіі на Данбасе. Арганізацыя з аморфнай ператварылася ў цалкам недзеяздольную, бо зараз нават складана згадаць нейкія рашэньні, што ўхваляліся на гэтым узроўні, а ўсе інтэграцыйныя ініцыятывы перайшлі на ўзровень Мытнага Саюзу.
Украіна выходзіць з палітычнай надбудовы СНД, і будзе аналізаваць эканамічныя пагадненьні. У прынцыпе, пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю СНД паўнавартасна ня дзейнічала. Нават у часы прэзыдэнта Януковіча, калі дачыненьні выбудоўваліся па максымуму, адбывалася такая поўнамаштабная гандлёвая вайна паміж Украінай і Расеяй, якая перайшла і ў 2013 год.
Напэўна, нейкія мінімальныя дамоўленасьці будуць дзейнічаць, але трэба ўлічваць такі аспэкт — Украіна дастаткова актыўна ўводзіць у деяньне пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Адбываецца пераход на эўрапейскія стандарты, таму большасьць пагадненьняў (з СНД — РС) будуць адыходзіць на другі плян і натуральным чынам адміраць, бо даволі часта яны несумяшчальныя з тымі, што дзейнічаюць у Эўрапейскім Зьвязе, — сказаў дырэктар Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Аляксандар Лявонаў.
Алена Літвінава
Радыё Свабода, 2 траўня 2018
Радыё Свабода, 2 траўня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/376/43273
Текущая дата: 18.11.2024