Белорусский портал в Казахстане

На СМЗС СНД у Мінску 7 краін будуць прадстаўлены на ўзроўні міністраў



Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

На пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД, якое 6 красавіка пройдзе ў Мінску, сем краін будуць прадстаўлены на ўзроўні кіраўнікоў МЗС.

"Узровень розны, але ў любым выпадку высокі. Сем краін - Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Узбекістан, Таджыкістан і, зразумела, Беларусь - будуць прадстаўлены міністрамі", - сказаў прэс-сакратар. 

Намеснікі кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў будуць прадстаўляць Азербайджан і Туркменістан.

"Кіраўнік МЗС Азербайджана таксама быў гатовы прыехаць, але ў Баку якраз у гэты час праходзіць сегмент высокага ўзроўню канферэнцыі краін - членаў Руху недалучэння, - прадоўжыў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС. - Малдова будзе прадстаўлена паслом у Беларусі, які таксама з`яўляецца пастаянным упаўнаважаным прадстаўніком гэтай краіны пры статутных органах СНД. Чакаем пацвярджэння ад Украіны".

У парадак дня пасяджэння Савета міністраў замежных спраў СНД уключана 12 пытанняў. Яны датычацца супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурнай і адукацыйнай сферах, узаемадзеяння паміж знешнепалітычнымі ведамствамі краін Садружнасці.

Прыярытэтную ўвагу міністры плануюць удзяліць пытанням бяспекі, барацьбы са злачыннасцю і процідзеянню міжнароднаму тэрарызму, а таксама каардынацыі дзейнасці праваахоўных органаў краін СНД.

Кіраўнікі дэлегацый краін Садружнасці разгледзяць праекты пагаднення аб супрацоўніцтве краін СНД у барацьбе са злачынствамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, міждзяржаўнай праграмы сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2019-2023 гады, палажэння аб З`ездзе настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін Садружнасці, а таксама аб міжнародным моладзевым праекце дзяржаў СНД "100 ідэй для СНД".

Савет міністраў замежных спраў СНД (СМЗС) створаны Рашэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці ад 24 верасня 1993 года для ажыццяўлення каардынацыі знешнепалітычнай дзейнасці.

4 красавіка 2018, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/378/43054
Текущая дата: 18.11.2024