У польскім Асьвенціме асудзілі групу людзей, якія летась у сакавіку правялі пэрформанс на тэрыторыі музэю Аўшвіц-Біркэнаў. Сярод асуджаных некалькі беларусаў.
Пракамэнтаваць прысуд і ўчынак асуджаных Свабода папрасіла вядомую польскую публіцыстку, прафэсарку філязофіі і этыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту Магдалену Сьроду.
— Пані прафэсарка, ці адпавядае прысуд, на вашу думку, шкодзе, за якую судзілі гэтых маладых людзей?
— Прысуд вельмі жорсткі і, на маю думку, проста скандальны. Мастацкі акт — гэта заўсёды нейкая ўмоўнасьць. Нельга саджаць у турму за такія ўчынкі. Гэта тое самае, што асудзіць актора, які грае ў спэктаклі нейкую страшную ролю. І калі актор, напрыклад, выступае ў ролі супраць рэлігіі, то яго нельга судзіць за абразу пачуцьцяў вернікаў. Таму гэты прысуд, як на мяне, абсурдны.
— Вас не бянтэжыць, што для пэрформансу яны абралі Асьвенцім, месца, якое сымбалізуе адну з самых трагічных старонак гісторыі чалавецтва?
Асьвенцім — гэта ня месца для пэрформансаў
— Асьвенцім — гэта ня месца для пэрформансаў. Гэта асаблівае месца, настолькі поўнае сэнсаў, нэгатыўных знакаў, што там ужо нічога ня трэба дадаваць. Гэтае месца мае настолькі моцную сымболіку, што там проста нельга рабіць ніякіх пэрформансаў. Яно гаворыць само за сябе. Калі аўтары пэрформансу хацелі здабыць розгалас, то лепшы вынік быў бы на скрыжаваньні людных вуліц. А ў Аўшвіцы гэта неэтычна.
— Гэты пэрформанс ладзілі студэнты мастацкіх вучэльняў. Як вы ацэньваеце яго мастацкую вартасьць і пасыл?
— Пэрформансы павінны ўплываць на людзей у сфэры сымболікі. Але забойства жывёл — проста недапушчальнае. Я гэта кажу ня толькі як абаронца правоў жывёл, але і як асоба, якая надае вялікую вагу цытаце Адорна: «Наш стасунак да жывёл, тое, што мы можам глядзець на разьню і што ў нас няма сораму перад жывёламі, калі мы катуем іх, гэта адна з умоваў таго, што чалавецтва здольнае да Галакосту». Я разумею пасланьне і сымболіку гэтага пэрформансу, але ён адбыўся ня ў тым месцы і з выкарыстаньнем такіх недапушчальных сродкаў выказваньня, як пакуты і сьмерць жывёлы. Але, паўтаруся, пакараньне несувымернае з учынкам.
— Жорсткасьць прысуду, магчыма, стане напамінам для тых, хто захоча паўтарыць падобны пэрформанс?
Я абсалютна супраць выкарыстаньня жывёлаў у такіх сытуацыях
— Там увогуле не павінна быць пэрформансаў, бо іх задача — гэта моцнае пасланьне. Адорна казаў, што калі мы глядзім на разьню, то мы адкідаем погляд жывёлы, якая цярпіць, кажучы, што гэта толькі жывёла. То бок мы ўводзім падзел на тое, што чалавечае, а што не. І нялюдзкае можна, маўляў, забіваць. Менавіта так забівалі і габрэяў, як нелюдзяў. Я абсалютна супраць выкарыстаньня жывёлаў у такіх сытуацыях.
— Аўтары пэрформансу кажуць, што менавіта таму і быў абраны Аўшвіц, каб зьвярнуць шырэйшую ўвагу. А жывёла, маўляў, так, пацярпела, але штодзённа церпяць мільёны людзей ад войнаў.
Калі сродкі засланяюць мэту, дык, значыць, трэба выкарыстоўваць іншыя сродкі
— Дык калі гінуць мільёны, то давайце падумаем пра нашыя адносіны да жывёлы. Магчыма, забойства жывёлы — гэта першы крок да забойства іншага чалавека. Калі нехта з такой лёгкасьцю забівае жывёліну, то гэта сьведчыць пра апраўданьне забойства чалавека. А ў экстрэмальных умовах вынікам гэтага апраўданьня можа стаць генацыд. Яны ж маглі ўчыніць гэтае забойства сымбалічна, без крыві. І ў іншым месцы. А так пасланьне пэрформансу было цалкам схаванае. Людзі забудуцца пра гэтую акцыю і нічога не згадаюць пра яе сэнс. Калі сродкі засланяюць мэту, дык, значыць, трэба выкарыстоўваць іншыя сродкі.
— Пані прафэсарка, але які сэнс гэтых пэрформансаў? Хто праз год памятае пра нейкія пэрформансы? На што яны рэальна ўплываюць? Ці ня ёсьць гэта проста нарцысізм тых людзей, якія іх ладзяць — маўляў, я буду вядомы, пра мяне будуць гаварыць СМІ?
— Пэрформансы — гэта добрая рэч. Калі яны адбываюцца на вуліцы, то нехта, магчыма, спыніцца і падумае. Магчыма, праз год нехта і забудзецца, але ў той момант чалавек думае. І мы ня ведаем, ці ня дасьць гэта вынік. Я люблю такія мастацкія дзеі. Але сродкі не павінны хаваць пасланьня.
— А які прысуд вы б палічылі справядлівым?
Штраф для кожнага ў памеры 30 тысяч даляраў на карысьць прытулку для жывёлаў і грамадзкае асуджэньне.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/384/42145
Текущая дата: 18.11.2024