Белорусский портал в Казахстане

На сесіі Савета ААН па правах чалавека зацвердзілі дакумент па Беларусі



Фінальны дакумент па Беларусі ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду зацверджаны 23 верасня на 15-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.

Праваабарончыя арганізацыі адзначылі, што Беларусь не прыняла шэраг найбольш прынцыповых рэкамендацый замежных урадаў.

Прадстаўніца "Сусветнага альянсу за грамадзянскі ўдзел" (CIVICUS) з жалем адзначыла, што пазіцыя беларускай дэлегацыі ў інтэрактыўным дыялогу мела збольшага фармальны і неканструктыўны характар.

CIVICUS: "З яшчэ большым жалем мы ўспрынялі той факт, што Беларусь адмовілася прыняць рэкамендацыі замежных урадаў па найбольш прынцыповых пытаннях. Гэта адмена смяротнага пакарання альбо, прынамсі, увядзенне мараторыя, гарантаванне свабоды сходаў і асацыяцый, спрашчэнне працэдур рэгістрацыі для няўрадавых арганізацый і палітычных партый, адмена артыкулу 193-1 (скасаванне крымінальнай адказнасці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі)".

Падобную занепакоенасць выказала і прадстаўніца Amnesty International.

Amnesty International: "Ёсць дакладныя факты, што часам следчыя для атрымання прызнання выкарыстоўваюць катаванні ды іншыя формы негуманнага абыходжання. Пасля гэтыя прызнанні прымаюцца судом як  доказы... Заклікаем беларускі ўрад забяспечыць неадкладнае і аб`ектыўнае расследаванне ўсіх скаргаў аб катаваннях. Таксама заклікаем забяспечыць права на свабоду выказвання і асацыяцый, спрашчэнне працэдур рэгістрацыі для НДА і скасаваць артыкул 193-1".

23 верасня 2010
Андрэй Елісееў
Еўрарадыё

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/386/2024
Текущая дата: 03.05.2024