Белорусский портал в Казахстане

Курды правялі рэфэрэндум аб незалежнасьці



Папярэднія вынікі: амаль усе «за».

Народ курдаў правёў 25 верасьня на поўначы Іраку рэфэрэндум аб незалежнасьці, перадае Reuters. На рэфэрэндуме не пыталі, ці трэба курдам ствараць незалежны Курдыстан проста цяпер, але пыталі, ці курды за сваю незалежную дзяржаву ў прынцыпе.

Паводле першых папярэдніх вынікаў, што прыводзіць курдзскае выданьне Rudaw, больш як 93% з падлічаных 282 тысяч галасоў — за незалежнасьць. Канчатковыя вынікі абяцаюць даць цягам 72 гадзінаў па завяршэньні галасаваньня. Яўка была даволі высокай, каля 78%, або каля 4 млн чалавек. Рэфэрэндум не праводзіўся на населеных курдамі землях Турэччыны, Ірану і Сырыі.

Супраць рэфэрэндуму выступалі афіцыйны Багдад (які выказваўся за тэрытарыяльнае адзінства Іраку і назваў рэфэрэндум незаконным) і астатнія дзяржавы са значнай доляй курдзкага насельніцтва, ААН, ЗША і шэраг заходніх дзяржаваў (бо рэфэрэндум можа пашкодзіць змаганьню з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы»).

Радыё Свабода, 26 верасьня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/394/40822
Текущая дата: 17.11.2024