Белорусский портал в Казахстане

Кардынал Сара пра тое, як Касцёл павінен ставіцца да ЛГБТ



Нью-Ёркскае штодзённае выданне The Wall Street Journal апублікавала артыкул кардынала Рабэра Сара, у якім ватыканскі іерарх крытыкуе папулярную на Захадзе кнігу а. Джэймса Марціна. Аўтар кнігі патрабуе змены стаўлення Касцёла да асяроддзя ЛГБТ.

Кардынал Сара падкрэслівае, што ў Касцёле няма падвойных стандартаў. Кожны, хто не атрымліваў сакрамэнту сужэнства, незалежна ад сваёй арыентацыі, абавязаны жыць у чысціні.

Іерарх адзначае, што гэтае патрабаванне можа здавацца надзвычай суровым, асабліва ў наш час. Аднак Хрыстус, як дадае кардынал, не патрабуе ад нас нічога, што магло б быць нам не па сілах, інакш гэта супярэчыла б Яго мудрасці і дабрыні.

«З Божай моцай і дзякуючы нашай вытрываласці чысціня не толькі магчыма, але і з’яўляецца крыніцай сапраўднай свабоды», — падкрэслівае кардынал Сара.

Іерарх заахвочвае шчыра задумацца над наступствамі таго, што сучасны свет адкінуў Божую задуму адносна чалавечай любові і палавой прыналежнасці. Сексуальная свабода не прынесла таго, што абяцала. Наадварот, распуста прыносіць столькі непатрэбных цярпенняў, а мноства сэрцаў пакідае зламанымі і самотнымі.

Кардынал Сара падкрэсліў, што гомасексуальныя схільнасці, хоць і супярэчаць прыродзе чалавека, самі па сабе не грахоўныя, калі да іх не імкнуцца і не развіваць. Іншая справа — гомасексуальныя адносіны. Гэта ўжо сур’ёзны грэх, які раніць тых, хто бярэ ў ім удзел.

Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў з моцай падкрэслівае, што асобы з асяроддзя ЛГБТ маюць права на гэтую праўду, і святары павінны ім яе абвяшчаць.

Catholic.by, 5 сентября 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/395/40659
Текущая дата: 17.11.2024