Белорусский портал в Казахстане

Выстаўка беларускіх навукова-тэхнічных распрацовак упершыню пройдзе ў Саудаўскай Аравіі



Інфармацыя размешчана на сайце НАН.

Міжнародная выстаўка беларускіх навукова-тэхнічных распрацовак упершыню пройдзе ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія) з 23 па 24 кастрычніка ў Навукова-тэхналагічным цэнтры імя караля Абдул-Азіза (KACST).

На выстаўцы плошчай каля 300 кв.м будуць прадстаўлены каля 200 найноўшых навукова-тэхнічных распрацовак з прыкладна 30 арганізацый НАН Беларусі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства прамысловасці і іншых ведамстваў.

На стэндах у выглядзе натурных узораў, мультымедыйных прэзентацый і інфармацыйных матэрыялаў будуць дэманстравацца распрацоўкі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, арыгінальныя прамысловыя тэхналогіі вытворчасці новых матэрыялаў, лекавых прэпаратаў, а таксама прадукцыя нана- і біятэхналогій.

У час выстаўкі адбудзецца сумесны Беларуска-саудаўскі навуковы сімпозіум з удзелам вядучых вучоных дзвюх краін і кіраўніцтва KACST. Па выніках сустрэч чакаецца заключэнне новых дагавораў і кантрактаў аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Выстаўку арганізуе НАН Беларусі ў адпаведнасці з рэспубліканскім планам мерапрыемстваў па правядзенні ў 2017-м Года навукі.

Узаемадзеянне арганізацый НАН з навуковымі ўстановамі Саудаўскай Аравіі ажыццяўляецца на аснове пагаднення аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Навукова-тэхналагічным цэнтрам імя караля Абдул-Азіза.

Навукова-тэхналагічны цэнтр імя караля Абдул-Азіза - гэта нацыянальнае навуковае агенцтва Саудаўскай Аравіі. Каб дапамагчы дабіцца пераходу краіны да эканомікі, заснаванай на ведах, KACST садзейнічае развіццю і інвесціраванню ў нацыянальную сістэму навукі, тэхнікі і інавацый, арыентуючы вынікі даследаванняў на індустрыяльную дыверсіфікацыю.

4 верасня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/396/40627
Текущая дата: 17.11.2024