У бліжэйшыя дні ў кнігарнях Італіі з’явіцца навінка — кніга вядомага абаронцы жыцця Карло Казіні «Жыццё, якое зараджаецца. Першы камень у будынку новага гуманізму».
У выданне ўключаны асноўныя выказванні св. Тэрэзы з Калькуты пра непарыўную сувязь паміж правам на жыццё і светам.
Тэма аборту і захавання міру дамінавала ў многіх выступленнях Маці Тэрэзы. Пытанне новага жыцця было для яе асноўным: яна называла дзіця ў матчыным улонні «самым бедным з бедных», бо яно жыве на самай крайняй перыферыі свету.
У пісьме Італьянскаму руху па абароне жыцця ў 1992 годзе яна сцвярджала: «Той, хто яшчэ не нарадзіўся, слабейшы за ўсіх, самы бедны з роду чалавечага, і само яго жыццё залежыць ад маці… Калі яшчэ не народжанае дзіця можа памерці па волі маці, якая павінна абараняць і карміць гэтае жыццё, каго яшчэ нам абараняць? … Калі маці можа забіць сваё дзіця ва ўлонні, знішчыць плоць ад плоці сваёй, жыццё жыцця свайго і плод любові, то чаму мы здзіўляемся насіллю і тэрарызму вакол нас? Аборт — гэта самы вялікі разбуральнік гэтага свету, самы вялікі разбуральнік любові».
Звяртаючыся да Генеральнай асамблеі ААН у 1985 годзе, Маці Тэрэза сказала: «Сёння мы перажываем сур’ёзную пагрозу ядзернай вайны, спрабуем прагнаць думкі пра СНІД, і пры гэтым не перашкаджаем забойству не народжаных дзяцей. Аборт — гэта цяжкая пагроза свету. Калі мы знішчаем яшчэ не народжанае дзіця, мы спрабуем знішчыць Бога».
Маці Тэрэза казала пра гэта яшчэ ў сотні публічных выступленняў, праводзячы аналогію паміж абортам і вайной, тэрарызмам і насіллем.
Небяспеку для свету ўяўляе не асобная жанчына, якая перарывае цяжарнасць, а ўспрыманне аборту як права, як аспекту грамадзянскага працэсу і культурнага дасягнення.
Самай вялікай пагрозай з’яўляецца не аборт сам па сабе, бо ён часта робіцца ад адчаю або з-за невуцтва, і да самой жанчыны, якая зрабіла аборт, Маці Тэрэза заўсёды ставілася са спачуваннем.
Пагрозай з’яўляецца прызнанне аборту як пазітыўнай каштоўнасці, звязанай са свабодай чалавека. Прызнанне да такой ступені, што да яго заахвочваюць і абвяшчаюць як права.
Выступаючы перад Кангрэсам ЗША ў 1994 годзе, Маці Тэрэза сказала: «Нацыя, якая прымае аборт, не вучыць свой народ любіць, а вучыць ужываць насілле для дасягнення сваіх мэтаў».
Catholic.by, 21 жніўня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/397/40469
Текущая дата: 17.11.2024