Белорусский портал в Казахстане

Выканаўца тэракту ў Барсэлёне забіты



Як паведамляе La Vanguardia, Юнэс Абуяакуб, які пратараніў мікрааўтобусам натоўп у Барсэлёне, 21 жніўня быў забіты пры затрыманьні.

Абуяакубу было 22 гады, ён выхадзец з Марока. Ноччу паліцыя абшукала яго дом у горадзе Рыпаль ў Каталёніі.

Сёньня ж стала вядома, што колькасць ахвяр тэракту ў Барсэлёне дасягнула 15 чалавек.

17 жніўня мікрааўтобус урэзаўся ў натоўп у Барсэлёне на знакамітым бульвары Ляс-Рамбляс, у выніку чаго загінула 13 чалавек і яшчэ дзясяткі былі параненыя. Паліцыя абвясьціла пошук 22-гадовага Юнэса Абуяакуба, ня пацьвярджаючы пры гэтым паведамленьня гішпанскіх СМІ пра тое, што ён кіраваў фургонам і зьбег. Такое пацьвярджэньне адбылося сёньня раніцай.

У выніку аналягічнага нападу ў курортным горадзе Камбрыльс загінула жанчына і шэсьць чалавек атрымалі раненьні, калі раніцай 18 жніўня машына ўрэзалася ў мінакоў, а паліцэйскія застрэлілі пяцёх нападнікаў, на якіх былі надзетыя паясы сьмяротнікаў і ў якіх у аўтамабілі былі нажы і сякеры. Трое з тых, хто нападаў, былі грамадзянамі Марока.

54 чалавекі, якія атрымалі раненьні ў выніку нападаў ў Барсэлёне і Камбрыльсе, знаходзіцца ў шпіталях. З пацярпелых у Барсэлёне 12 чалавек у крытычным стане.

Паліцыя таксама выявіла трох іншых падазраваных, зьвязаных з нападамі. Два зь іх, як лічыцца, загінулі ў выніку выбуху 16 жніўня, калі спрабавалі вырабіць выбухоўку ў доме ў Альканары, за 200 км на поўдзень ад Барсэлёны.

Радыё Свабода, 21 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/4/40461
Текущая дата: 05.05.2024