Урачыстасць прайшла 16 ліпеня ў базыліцы Сан-Паола-Маджорэ ў Неапалі (Італія).
Глыбачанін Аляксандр Івашчонак атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Георга Генсвайна, прэфекта Папскага дому і асабістага сакратара Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI.
Ва ўрачыстай літургіі прымалі ўдзел шматлікія святары, законныя сёстры, госці і сябры. Сярод прысутных быў і кс. Кшыштаф Мікалайчык, які калісьці нёс служэнне ў Глыбокім і падчас служэння якога Аляксандр Івашчонак распазнаў сваё пакліканне да святарства.
Ордэн тэатынцаў (ад лац. Ordo Clericorum Regularium vulgo Theatinorum) — ордэн рэгулярных клерыкаў Боскага провіду.
Ордэн заснаваны ў 1524 годзе па ініцыятыве Джанп’етра Карафа (пазней папы Паўла IV) і святога Каэтана Ціенскага. Абодва належалі да братэрства Боскай Любові пры касцёле св. Дароты.
Ужо праз некалькі тыдняў супольнасць была прызнана папам Кліментам VII як ордэн. Неафіцыйна іх звалі «тэатынцамі», паколькі Джанп’етра Карафа быў біскупам горада Кьеці, што па-лацінску гучыць як Theate.
Асаблівасць тэатынцаў у тым, што іх ордэн не быў у поўным сэнсе манаскім, аднак членамі супольнасці станавіліся пасвячаныя святары, якія складалі ўрачыстыя манаскія шлюбы. Тэатынцы сталі першым ордэнам новага тыпу, так званых рэгулярных клерыкаў. Яны не сыходзілі ад свету, але працягвалі выконваць абавязкі парафіяльных святароў.
Сваё служэнне тэатынцы нясуць у Італіі, Іспаніі, ЗША, Мексіцы, Калумбіі, Бразіліі і Аргенціне.
Catholicnews.by, 17 ліпеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/400/40054
Текущая дата: 17.11.2024