Белорусский портал в Казахстане

На сесіі ПА АБСЕ ў Мінску ўхваленая рэзалюцыя аб аднаўленні суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны



Агульны камітэт па палітычных пытаннях і бяспецы Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 7 ліпеня на сесіі ў Мінску ўхваліў праект рэзалюцыі "Аднаўленне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны". Беларусь ад галасавання ўстрымалася.

ПА АБСЕ "зноў заяўляе пра сваю поўную павагу суверэнітэту, незалежнасці, адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах яе прызнаных міжнароднай супольнасцю граніц, якія ўключаюць Аўтаномную Рэспубліку Крым і горад Севастопаль".

Парламентарыі зноў заявілі "пра сваё асуджэнне часовай акупацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля Расійскай Федэрацыяй і працягу гібрыднай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў Данбасе".

ПА АБСЕ "настойліва заклікае" Расію адмовіцца "ад часовай акупацыі" Крыма і Севастопаля, вывесці з іх "расійскія акупацыйныя сілы" і вярнуць іх "пад кантроль ўрада Украіны", а таксама "спыніць спансаванне тэрарыстычнай дзейнасці ва Украіне з дапамогай прытоку баевікоў, грашовых сродкаў і зброі праз непадкантрольны ўраду ўчастак украінска-расійскай дзяржаўнай мяжы".

Акрамя таго, Расію заклікаюць "забяспечыць вывад сваіх узброеных фарміраванняў, ваеннай тэхнікі і наёмнікаў з тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей Украіны пад наглядам АБСЕ, а таксама раззбраенне ўсіх незаконных узброеных фарміраванняў".

ПА АБСЕ заклікае працягнуць кансультацыі "з мэтай дасягнення дамоўленасці аб разгортванні паліцэйскай місіі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей Украіны".

Расійскую Федэрацыю таксама заклікаюць "няўхільна выконваць нормы і прынцыпы міжнароднага права, прынцыпы і абавязацельствы ў межах АБСЕ і Мінскія пагадненні, а таксама неадкладна вызваліць Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанку, Мікалая Карпюка, Станіслава Клыха, Рамана Сушчанку і іншых украінскіх грамадзян, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Расійскай Федэрацыі, і забяспечыць іх бяспечнае вяртанне ва Украіну".

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да старшынства, інстытутаў АБСЕ і дзяржаў — удзельніц арганізацыі "прыкладаць намаганні і выкарыстоўваць усе даступныя інструменты для спрыяння вызваленню ўсіх украінскіх грамадзян, якія былі выкрадзеныя, незаконна затрымліваліся і сталі палітычнымі зняволенымі ў Расіі".

Супраць прыняцця рэзалюцыі ў дэбатах выступіў толькі прадстаўнік Расіі. Дэпутат Дзярждумы Леанід Слуцкі заявіў, што гібрыдных расійскіх сіл ва Украіне няма. Пры гэтым ён запрасіў дэлегатаў сесіі ПА АБСЕ ў "Крым і Севастопаль, якія вярнуўся ў Расію", каб паглядзець "на радасць жыхароў, жыццё якіх стала гарманічным". Прымаючы рэзалюцыі, асамблея дапускае "жахлівыя падвойныя стандарты, якія падрываюць сутнасць АБСЕ", заявіў Слуцкі.

Яшчэ адзін дэпутат Дзярждумы — Пётр Талстой — адзначыў, што Расія можа даць не 36 фактаў парушэння міжнародных правоў, якія ўтрымліваюцца ў рэзалюцыі, а 136. Паводле яго слоў, "прычынай страты Украінай суверэнітэту" стала не далучэнне Крыма да Расіі, а "дзяржаўны пераварот , выцясненне рускай мовы і рускамоўнага насельніцтва, падаўленне арміяй жылых кварталаў Данбаса". "Мы не можам на гэта абыякава глядзець", — заявіў Талстой. Ён назваў хлуслівымі выказванні ўкраінскай дэлегацыі.

У адказ дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Артур Герасімаў заклікаў расійскую дэлегацыю не хлусіць, бо фактаў расійскай агрэсіі ва Украіне больш чым дастаткова.

Беларуская дэлегацыя на пасяджэнні камітэта была прадстаўленая толькі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім, які ўстрымаўся ад прыняцця рашэння па рэзалюцыі.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 7 ліпеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/401/39923
Текущая дата: 17.11.2024