Белорусский портал в Казахстане

Сербія абмяркоўвае з Расіяй і Беларуссю куплю зенітна-ракетных комплексаў С-300



Пра гэта паведаміў 16 красавіка ў Бялградзе прэм`ер-міністр Сербіі Аляксандр Вучыч, перадае РІА Новости.

Сербіі патрэбныя два дывізіёны зенітных ракетных сістэм С-300 і палкавы камандны пункт, іх набыццё абмяркоўваецца з Расіяй і Беларуссю.

Паводле слоў Вучыча, які ў пачатку красавіка быў абраны новым прэзідэнтам Сербіі, ён асабіста размаўляў пра гэта з кіраўнікамі дзвюх дзяржаў Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам.

"Па С-300 няма пагаднення. Я згадаў пра гэта на перамовах з прэзідэнтам Пуціным, і мы размаўлялі пра гэта. Размаўляў пра гэта і з прэзідэнтам Лукашэнкам", — сказаў Вучыч.

"У нас няма ніякіх дамоўленасцяў па гэтым пытанні. Але для нас было б важна мець два дывізіёны і адзін палкавы камандны пункт. Гэта стала б для нас рашэннем на многія гады наперад", — адзначыў новы прэзідэнт краіны.

Вучыч знаходзіўся з афіцыйным візітам у Беларусі 26—27 студзеня 2017 года. У рамках візіту адбылася яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм`ер-міністрам Андрэем Кабяковым. Прэм`ер-міністр Сербіі таксама сустрэўся з кіраўнікамі абедзвюх палат парламента Беларусі — Уладзімірам Андрэйчанкам і Міхаілам Мясніковічам. Кіраўнік сербскага ўрада наведаў МАЗ, МТЗ і ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця гандлёвага цэнтра "Дана Мол", пабудаванага сербскімі бізнесменамі, братамі Багалюбам і Драгамірам Карычамі, якія асабіста знаёмыя з Аляксандрам Лукашэнкам.

БелаПАН
Мінск, 16 красавіка 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/406/39081
Текущая дата: 17.11.2024