Пра гэта паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі прафілактычных прышчэпак пройдзе ва ўстановах аховы здароўя Беларусі з 24 па 30 красавіка ў рамках Еўрапейскага тыдня імунізацыі.
Еўрапейскія тыдні імунізацыі праводзяцца па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўжо 12 гадоў з мэтай прадастаўлення дакладнай інфармацыі аб прафілактычных прышчэпках як магчымасці абароны ад інфекцыйных захворванняў. Лозунг Еўрапейскага тыдня імунізацыі ў гэтым годзе — "Вакцыны дзейнічаюць".
Беларусь актыўна ўдзельнічае ў праграмах СААЗ па ліквідацыі поліяміэліту, элімінацыі адру і прыроджанай краснухі, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. "Важнай часткай гэтых праграм з`яўляецца абарона насельніцтва ад распаўсюджвання інфекцый з дапамогай правядзення прафілактычных прышчэпак сярод тых узроставых груп насельніцтва, якія найбольш уразлівыя, што адлюстравана ў Нацыянальным календары прафілактычных прышчэпак", — адзначаецца ў паведамленні.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, за час правядзення ў Беларусі планавай імунізацыі (амаль 60 гадоў) прафілактычныя прышчэпкі дазволілі знізіць захворванне на коклюш, эпідэмічны паратыт да адзінкавых выпадкаў. Вельмі рэдка здараюцца захворванні на краснуху і адзёр. Поліяміэліт не рэгіструецца ў краіне з 1965 года, дыфтэрыя і слупняк — апошнія шэсць гадоў.
Асноўнай задачай вакцынапрафілактыкі ў Беларусі сёння "з`яўляецца стварэнне дадатковых магчымасцяў па абароне ад іншых актуальных інфекцый (якія не ўваходзяць у Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак), забеспячэнне насельніцтва сучаснымі і якаснымі вакцынамі, забеспячэнне даступнасці вакцынапрафілактыкі", адзначае Міністэрства аховы здароўя.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/406/39119
Текущая дата: 17.11.2024