Белорусский портал в Казахстане

Беларусь заняла 30-е месца сярод 144 дзяржаў свету ў рэйтынгу забеспячэння раўнапраўя паміж жанчынамі і мужчынамі



Такія даныя прыводзяцца ў штогадовым дакладзе Сусветнага эканамічнага форуму (СЭФ), прадстаўленым 26 кастрычніка ў Жэневе.

На лідзіруючых пазіцыях у сусветным рэйтынгу - Ісландыя, Фінляндыя і Нарвегія. Беларусь займае ў падагульняючай табліцы 30-ы радок - паміж Іспаніяй і Партугаліяй. Расія - на 75-м месцы.

Аўтары даклада аналізуюць сітуацыю ў галіне забеспячэння роўных правоў жанчын і мужчын з прымяненнем так званага індэкса гендарнага разрыву, распрацаванага ў СЭФ.

Гэты індэкс улічвае становішча, правы і ролю жанчын і мужчын у розных сферах грамадскага і эканамічнага жыцця, а таксама ў палітыцы. У выніку Беларусь атрымала 0,737 бала, гэта значыць разрыў у забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Беларусі пераадолены на 73,7 працэнта, што істотна перавышае сярэднесусветны паказчык (68 працэнтаў).

Дарэчы, у Расіі гэты гендарны індэкс складае 69,1 працэнта, а ў Ісландыі - 87,4 працэнта.

Беларусь займае высокае 5-е месца ў забеспячэнні роўнасці жанчын і мужчын у эканамічнай сферы (0,823 бала), 29-е - па доступе да адукацыі (1,000), 40-е - па доступе да аховы здароўя (0,979). А ў графе "палітычны ўплыў" СЭФ вызначыў Беларусь на 80-е месца (Расію - на 129-е).

У цэлым у свеце сітуацыя, паводле версіі СЭФ, адносна паспяховая ў сферы доступу да адукацыі (95 працэнтаў) і аховы здароўя (96 працэнтаў). Але па іншых двух паказчыках - эканоміка (59 працэнтаў) і палітыка (23 працэнты) - патрабуецца прыкласці немалыя намаганні для дасягнення гендарнага раўнапраўя.

Як палічылі эксперты СЭФ, пры цяперашніх тэмпах змен для пераадолення гендарнага разрыву спатрэбіцца 83 гады. У сферы эканомікі на гэта можа спатрэбіцца 170 гадоў, у сферы адукацыі гендарны разрыў магчыма ліквідаваць праз 10 гадоў, у палітыцы - праз 82 гады.

Што датычыцца аховы здароўя, то з 2006 года гендарны разрыў у гэтай сферы павялічыўся, таму экспертам складана рабіць прагнозы на будучае.

26 кастрычніка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/422/37404
Текущая дата: 16.11.2024