У ЗША на 79-м годзе жыцця памёр беларускі апазіцыйны дзеяч Юрый Хадыка. "Бацькі больш з намі няма", — напісаў у "Фейсбуку" каля гадзіны таму яго сын Канстанцін Хадыка.
Юрый Хадыка нарадзіўся 23 чэрвеня 1938 года ў Мінску. Скончыў фізічны факультэт БДУ. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Аўтар дысертацыі на тэму "Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракет". Аўтар каля 150 навуковых прац па фізіцы і каля 200 навукова-тэхнічных справаздач, а таксама каля 30 публікацый па гісторыі беларускага мастацтва.
Працаваў у Інстытуце фізікі Нацыянальнай акадэміі навук — аспірантам, малодшым, а затым старшым навуковым супрацоўнікам, загадваў лабараторыяй ва Усесаюзнай кааперацыі па стварэнні касмічнай сістэмы ранняга папярэджання аб ракетным нападзе. У 1975 годзе ўзначаліў секцыю ў камісіі Акадэміі навук (АН) СССР па распрацоўцы прагнозу развіцця оптыка-электронных сродкаў разведкі на 15 гадоў.
Восенню 1969 года стварыў у АН БССР семінар па вывучэнні беларускага мастацтва мінулых стагоддзяў, што дазволіла ў 1979 годзе адкрыць у акадэміі музей старабеларускай культуры.
З 1988 года — актывіст дэмакратычнага руху ў Беларусі. Быў намеснікам старшыні Беларускага народнага фронту, членам назіральнага савета Беларускага Хельсінкскага камітэта, праграмы грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра "Беларуская перспектыва", рэдагаваў бюлетэнь цэнтра.
У 1996 годзе быў арыштаваны за ўдзел у апазіцыйным шэсці "Чарнобыльскі шлях". Пратэстуючы супраць беспадстаўнага затрымання, амаль месяц трымаў галадоўку, быў вызвалены пад націскам беларускай і міжнароднай грамадскасці.
Юрый Хадыка таксама быў адным з актывістаў грэка-каталіцкай (уніяцкай) абшчыны.
БелаПАН
Мінск, 11 верасня 2016
Мінск, 11 верасня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/426/36921
Текущая дата: 16.11.2024