Белорусский портал в Казахстане

Уручэнне медалёў ЮНЕСКА Лучанку і Елізар`еву - ацэнка ўкладу Беларусі ў сусветную культуру



Аб гэтым заявіла 22 красавіка на цырымоніі ўручэння ўзнагарод намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.

Уручэнне медалёў ЮНЕСКА "5 кантынентаў" народным артыстам Беларусі і СССР Ігару Лучанку і Валянціну Елізар`еву з`яўляецца таксама ацэнкай укладу Беларусі ў сусветную культуру.

Паводле слоў намесніка міністра, гэта падзея пацвярджае, што беларускія творцы становяцца не толькі здабыткам свайго народа, але і ўсяго свету, гэта прызнанне не толькі таленту вялікіх дзеячаў мастацтва, іх укладу ў беларускую культуру, але і ўзносу ў сусветную культурную прастору.

Ігар Лучанок і Валянцін Елізар`еў з`яўляюцца прадстаўнікамі зорнага таленту свайго народа, дадаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка. Гэта сімвалічна, што ў Год культуры, якім аб`яўлены бягучы год у Беларусі, самая вялікая, самая ўплывовая арганізацыя ў гуманітарнай сферы аддае сваю даніну гэтым вядомым людзям.

Харэаграфія, беларуская балетная школа вядома сёння на ўвесь свет дзякуючы Валянціну Елізар`еву, а песні Ігара Лучанка спяваюць на ўсіх пяці кантынентах, сказаў Павел Латушка.

Рашэнне аб узнагароджанні Ігара Лучанка і Валянціна Елізар`ева было прынята 21 сакавіка генеральным дырэктарам ЮНЕСКА Ірынай Бокавай за выдатны ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Ім уручаны таксама дыпломы ад імя кіраўніка ЮНЕСКА. Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Месца правядзення мерапрыемства выбрана невыпадкова.

Творчасць Ігара Лучанка і Валянціна Елізар`ева цесна звязана з акадэміяй музыкі. Ігар Лучанок яе выпускнік, а ў 1980-я гады быў рэктарам.

Валянцін Елізар`еў з 1995-га з`яўляецца прафесарам акадэміі. Валянцін Елізар`еў больш за трыццаць гадоў кіраваў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам балета Беларусі. Ён з`яўляецца ўладальнікам шматлікіх узнагарод. У 1993 годзе на VII Міжнародным конкурсе артыстаў балета, які праходзіў у Маскве, атрымаў галоўны прыз за харэаграфію. Балет "Страсці" ("Рагнеда") сабраў значную колькасць прэмій: Дзяржаўную прэмію Беларусі, прэмію Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, вышэйшую ўзнагароду Міжнароднай асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА "Бенуа дэ ла данс".

У 1997 годзе за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё беларускага балета быў удастоены адной з самых ганаровых узнагарод Беларусі - ордэна Францыска Скарыны.

У 2001 годзе Валянцін Елізар`еў атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі ў галіне харэаграфічнага мастацтва, а ў 2003-м - ордэн Айчыны III ступені.

Творчы шлях Ігара Лучанка пачаўся ў 60-я гады. Жамчужынамі яго песеннай лірыкі з`яўляюцца такія песні, як "Алеся", "Жураўлі на Палессе ляцяць", "Вераніка", "Верасы".

У класіку песень пра Вялікую Айчынную вайну трывала ўвайшлі "Если бы камни могли говорить...", "Майский вальс", "Письмо из сорок пятого" і "Салаўі Хатыні".

У гісторыю сучаснага мастацтва Ігар Лучанок увайшоў не толькі як цудоўны кампазітар, але і як музыкант, педагог і грамадскі дзеяч. У 1982-1986 гадах быў рэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

 З 1980 года Ігар Лучанок узначальваў Беларускі саюз кампазітараў. Ён народны артыст Беларусі, народны артыст СССР, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі Беларусі, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны", Дружбы народаў, Францыска Скарыны.

Своеасаблівым прызнаннем заслуг беларускага кампазітара Ігара Лучанка стала закладка зоркі з яго імем на Плошчы Зорак у Маскве.

Медаль ЮНЕСКА "5 кантынентаў" заснаваны ў 1996 годзе ў гонар 50-годдзя стварэння гэтай аўтарытэтнай арганізацыі. У 2014-м медаля быў удастоены Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі.

22 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/440/35290
Текущая дата: 16.11.2024