2 красавіка адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым.
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі, Лукашэнка выказаў занепакоенасьць у сувязі з сытуацыяй, якая склалася ў зоне карабахскага канфлікту.
«Лідэры дзьвюх краінаў падрабязна абмеркавалі падзеі, што адбываюцца. Ільхам Аліеў у дэталях праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб усіх абставінах вакол інцыдэнту.», — адзначае прэс-служба.
З чыёй ініцыятывы адбылася тэлефонная размова, у паведамленьні не паказваецца.
У сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў зоне карабахскага канфлікту на наступным тыдні ў Вене адбудзецца экстранае пасяджэньне сустаршыняў Менскай групы АБСЭ (Расея, ЗША, Францыя), якая займаецца ўрэгуляваньнем карабахскай праблемы.
Азэрбайджан і Армэнія абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні перамірʼя на лініі судакрананьня ў зоне канфлікту. МЗС Азэрбайджана ўсклаў усю адказнасьць за эскаляцыю сытуацыі ў рэгіёне на Армэнію. Міністэрства абароны Армэніі абвінаваціла азэрбайджанскае войска ў наступе з выкарыстаньнем артылерыі, бранетэхнікі і авіяцыі.
Сытуацыя ў рэгіёне рэзка абвастрылася ў ноч на суботу. Мінабароны самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі паведаміла пра гібель дзіця і раненьне яшчэ двух пры абстрэлах з боку ўзброеных сіл Азэрбайджана. Паводле зьвестак МЗС Азэрбайджана, пры абстрэлах з армянскага боку загінуў адзін мірны жыхар. Мінабароны Армэніі паведамляе, што ў ходзе баёў быў зьбіты азэрбайджанская верталёт, аднак процілеглы бок абвяргае гэтую інфармацыю.
Канфлікт паміж Азэрбайджанам і Армэніяй вакол Нагорнага Карабаху пачаўся ў канцы 80-х гадоў. У 1994 годзе было дасягнута пагадненьне пра спыненьне агню. Нягледзячы на гэта, час ад часу адбываюцца перастрэлкі на лініі судакрананьня азэрбайджанскіх і армянскіх войскаў.
Радыё Свабода
2 красавіка 2016, Менск
2 красавіка 2016, Менск
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/442/35044
Текущая дата: 16.11.2024