Белорусский портал в Казахстане

Прадстаўнікі Беларусі, Літвы і Польшчы пры ЮНЕСКА абмеркавалі арганізацыю сумесных мерапрыемстваў



Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускай дыпмісіі.

Сустрэча пастаянных прадстаўнікоў пры ЮНЕСКА ад Беларусі Літвы і Польшчы Паўла Латушкі, Арунаса Гелунаса і Дарыюша Карноўскага адбылася 8 верасня ў Парыжы. У ёй таксама ўзяў удзел намеснік старшыні сойма Літвы Гедымінас Кіркілас.

Падчас сустрэчы адзначалася важнасць сумеснага правядзення ў штаб-кватэры ЮНЕСКА мерапрыемстваў, прысвечаных 250-годдзю з дня нараджэння вядомага дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага.

Суразмоўцы адзначылі, што правядзенне 7 верасня ў галоўным зале штаб-кватэры ЮНЕСКА канцэрта і выставы, арганізаваных сумесна прадстаўнікамі трох краін і прымеркаваных да юбілею Міхала Клеафаса Агінскага, сталі добрым прыкладам трохбаковага супрацоўніцтва і выклікалі вялікае зацікаўленне з боку дыпламатычнага корпуса, французскай публікі, беларускай, літоўскай і польскай дыяспар.

Падчас сустрэчы пастаянныя прадстаўнікі Беларусі, Літвы і Польшчы пры ЮНЕСКА абмеркавалі магчымую арганізацыю ў будучыні іншых сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры трох народаў, і магчымае запрашэнне да іх правядзення пастаянных дэлегацый іншых краін, акрэдытаваных пры ЮНЕСКА.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 9 верасня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/444/32593
Текущая дата: 01.06.2024