Белорусский портал в Казахстане

Парашэнка: Правядзенне выбараў на акупаванай тэрыторыі Данбаса 18 кастрычніка будзе азначаць жорсткую атаку Расійскай Федэрацыі на мінскія дамоўленасці



Пра гэтую заяву паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны.

"Спроба правесці 18 кастрычніка 2015 года незаконныя, не ў адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі, не ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам і крытэрыямі АБСЕ фейкавыя выбары будзе азначаць жорсткую атаку Расійскай Федэрацыі на мінскія дамоўленасці, якія былі дасягнуты 12 лютага гэтага года". Такую заяву зрабіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 2 ліпеня ў Львове на сумеснай прэс-канферэнцыі са сваім польскім калегам Браніславам Камароўскім.

Парашэнка, словы якога прыводзіць яго прэс-служба, зазначыў, што ён не каментуе заявы баевікоў аб правядзенні мясцовых выбараў на захопленых імі тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей, аднак падтрымка гэтых выбараў Расіяй будзе мець разбуральныя наступствы для працэсу дээскалацыі канфлікту на Данбасе.

"Спадзяюся, што гэтага не будзе", — сказаў украінскі кіраўнік.

Прэзідэнт зазначыў, што першыя дамоўленасці ў Мінску, якія былі дасягнуты ў верасні 2014 года, былі атакаваныя 2 лістапада, калі расійскія ўлады правялі фейкавыя выбары на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей, тым самым разбурыўшы мірны працэс.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 2 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/450/31814
Текущая дата: 18.05.2024