За прызначэньне прагаласавала 257 дэпутатаў Вярхоўнай Рады.
Сьпікер Уладзімір Гройсман даў згоду ўзначаліць урад Украіны
Прапанову абраць новы ўрад унесьлі пасьля таго, як падаў у адстаўку Арсені Яцанюк, які кіраваў урадам два гады.
Прадстаўляючы кандыдатуру новага прэм’ера, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сказаў:
«Так, гэты ўрад страціў падтрымку парлямэнту, таму што тры фракцыі кааліцыі выйшлі зь яе складу. Мы павінны паважаць гэтае рашэньне, але праўда і тое, што ніводзін украінскі ўрад не працаваў у такіх надзвычай складаных умовах, як той, які сёньня ўвойдзе ў гісторыю. Падкрэсьліваю, Уладзімер Гройсман — гэта палітык новага пакаленьня. Згодна з вашым рашэньнем ён стане самым маладым прэм’ер-міністрам у гісторыі Ўкраіны, і, нягледзячы на гэта, ён мае велізарны кіраўнічы досьвед».
«Карупцыя і папулізм — ня меншыя нашы ворагі, чым вораг на ўсходзе нашай дзяржавы. Хачу прысягнуць, што гэты ўрад, калі ён будзе прызначаны, будзе нецярпімы да карупцыі. Нам трэба пабудаваць новы дыялёг з грамадзтвам», — сказаў Уладзімер Гройсман у выступе перад дэпутатамі Вярхоўнай Рады.
Гройсмана вылучыла новая парлямэнцкая кааліцыя, якую складаюць Блёк Пятра Парашэнкі і «Народны фронт».
Кіраўнік фракцыі БПП Юры Луцэнка заклікаў наступны ўрад «ісьці далей дарогай, якую праклаў Майдан», рэфармаваць краіну і працягваць эўраінтэграцыю Ўкраіны.
Юлія Цімашэнка на пасяджэньні парлямэнту абвясьціла, што яе партыя пераходзіць у апазыцыю новаму ўраду.
Уладзімер Гройсман нарадзіўся ва ўкраінскай Віньніцы ў 1978 годзе. Скончыў Міжрэгіянальную акадэмію кіраваньня пэрсаналам, пазьней Нацыянальную акадэмію дзяржкіраваньня пры прэзыдэнце Ўкраіны. З 14 год працаваў сьлесарам, у 16 год быў прызначаны камэрцыйным дырэктарам прыватнага прадпрыемства свайго бацькі, да 2005 году працаваў на кіроўных пасадах у камэрцыйных структурах.
У 2002 годзе стаў самым маладым дэпутатам гарадзкой рады Віньніцы, у 2005-м прызначаны выканаўцам абавязкаў гарадзкога галавы, годам пазьней — абраны на гарадзкога галаву (як прадстаўнік партыі «Наша Ўкраіна» Віктара Юшчанкі), гэтую пасаду займаў да 2014 году.
У горадзе рэфармаваў грамадзкі транспарт, адміністрацыйную сыстэму, стварыў «празрысты офіс» па аказаньні насельніцтву адміністрацыйных паслуг, прыцягваў інвэстыцыі ў розныя галіны — у 2013 годзе Forbes назваў Віньніцу «найлепшым для жыцьця горадам Украіны».
У 2014 годзе стаў міністрам рэгіянальнага разьвіцьця і віцэ-прэм’ерам на запрашэньне тагачаснага прэм’ера Яцанюка. На гэтай пасадзе выступаў за дэцэнтралізацыю ўлады і пашырэньне мясцовага самакіраваньня, узначальваў урадавы антыкрызісны энэргетычны штаб, дзяржаўную камісію па расьсьледаваньні падзеньня малазійскага «Боінга», курыраваў працу штабу па часова перамешчаных асобах і працы па аднаўленьні Данбасу, займаўся стварэньнем электроннага ўраду.
У канцы 2014 году абраны на старшыню Вярхоўнай Рады, сябра Рады нацыянальнай бясьпекі. Апошні раз прайшоў у парлямэнт па сьпісе Блёку Парашэнкі.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/450/35178
Текущая дата: 26.12.2024