Белорусский портал в Казахстане

ААН станоўча ацэньвае дзеянні Беларусі па выкананні экалагічных рэкамендацый



Пра гэта паведамляе Радыё ААН.

Паводле звестак экспертаў Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, Беларусь выканала дадзеныя ёй экалагічныя рэкамендацыі на 84%, паказаўшы, такім чынам, адзін з самых высокіх вынікаў. Акрамя таго, у краіне зацверджаны новы план у гэтай галіне, які прадугледжвае каля 80 мерапрыемстваў.

У апублікаваным на яго сайце інтэрв`ю супрацоўніца Праграмы аглядаў выніковасці экалагічнай дзейнасці ў Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Юлія Трамбіцкая расказала, што Беларусі ўдалося шмат зрабіць па скарачэнні ўплыву транспарту на забруджванне паветра. У параўнанні з 2009 годам у 2013 годзе выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу ад транспарту скараціліся на 20%. "Гэта вельмі вялікае дасягненне, улічваючы, што колькасць транспартных сродкаў за гэты час у краіне ўзрастала", — адзначыла спецыяліст.

Гэтага атрымалася дамагчыся ў асноўным за кошт паляпшэння якасці паліва, гэта значыць укаранення больш строгіх стандартаў што да якасці паліва. "Цяпер Беларусь прымяняе стандарты Еўра 5 для дызельнага паліва, утрыманне серы ў якім не перавышае 10 мг на кг, і да гэтага стандарту зараз плануецца давесці якасць бензіну", — сказала прадстаўнік ААН.

Акрамя таго, паводле яе слоў, Беларусь у транспартным сектары пачала ўкараненне так званых інтэлектуальных транспартных сістэм. Гэта сістэмы, якія дазваляюць аптымізаваць рух на дарогах (не толькі з пункту гледжання адсутнасці затораў і гэтак далей), і ў тым ліку дазваляюць скарачаць уздзеянне аўтатранспарту на навакольнае асяроддзе і здароўе насельніцтва.

Беларусі ўдалося дабіцца скарачэння спажывання вады на душу насельніцтва. Калі ў 2005 годзе гэта было 210 літраў за суткі, то ў 2014 годзе — 137 літраў, што з`яўляецца сярэднім еўрапейскім паказчыкам.

Таксама Беларусь скараціла сумарныя скіды сцёкавых вод на 18% за перыяд з 2005 па 2014 гады.

У 2016—2022 гадах Беларусь, паводле слоў прадстаўніка ААН, будзе рэалізоўваць чарговы план экалагічных мерапрыемстваў, які ахоплівае 14 абласцей. "Мы рэкамендуем Беларусі ў галіне функцыянальнай або арганізацыйна-прававых асноў надаць увагу пытанням паляпшэння ўдзелу грамадскасці ў распрацоўцы заканадаўства і ў распрацоўцы стратэгічных дакументаў па ахове навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, мы рэкамендуем звярнуць увагу на дыфузнае забруджванне вод, г.зн. забруджванне, якое адбываецца ў жылых і прамысловых раёнах і на культываваных землях і вельмі адбіваецца на стане водных аб`ектаў і падземных вод", — расказала Трамбіцкая.

ААН прапануе Беларусі перагледзець методыкі ацэнкі дыфузнага забруджвання, якія не абнаўляліся з 1999 года. Таксама ў водным сектары прапануецца ўкараненне маніторынгу забруджаных адкладаў, якія звычайна назапашваюцца на дне ўчасткаў рэк, уніз па плыні ад буйных гарадоў і прамысловых комплексаў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 7 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/451/34188
Текущая дата: 16.11.2024