Белорусский портал в Казахстане

Па ініцыятыве Беларусі 29 кастрычніка абвешчана Міжнародным днём Арганізацыі па забароне хімічнай зброі



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Дваццатая сесія Канферэнцыі дзяржаў - удзельніц Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі (КЗХЗ) аднагалосна прыняла рашэнне аб зацвярджэнні даты 29 кастрычніка Міжнародным днём Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ).

У Канферэнцыі, якая праходзіць у Гаазе (Нідэрланды) з 30 лістапада па 4 снежня, прымае ўдзел дэлегацыя Беларусі на чале з пастаянным прадстаўніком Беларусі пры АЗХЗ Мікалаем Барысевічам. Упершыню прапанову аб заснаванні памятнай даты ўнесла Рэспубліка Беларусь. Ініцыятыва была цалкам падтрымана Генеральным дырэктарам АЗХЗ і ўсімі дзяржавамі - членамі Арганізацыі.

Заснаванне гэтага памятнага дня будзе садзейнічаць вырашэнню міжнароднай супольнасцю шэрага сур`ёзных задач, сярод якіх універсалізацыя КЗХЗ, процідзеянне з`яўленню хімічнай зброі, павышэнне бяспекі і захаванасці прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці, а таксама пашырэнне адукацыйнай і інфармацыйнай дзейнасці па лініі АЗХЗ, адзначылі ў прэс-службе.

4 снежня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/459/33455
Текущая дата: 15.11.2024