Аднагалосным рашэннем краін — удзельніц арганізацыі ім стаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін.
Беларусь узначаліла Міждзяржаўны савет па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах.
Як паведамілі ў прэс-службе ДКНТ, такое рашэнне было прынята 24 верасня ў Мінску на 16-м пасяджэнні Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах (МС НТІ). На парадку дня пасяджэння каля 17 пытанняў, у тым ліку абранне новага старшыні савета.
У сваім прывітальным слове Шумілін зазначыў, што "Беларусь праводзіць паслядоўную шматвектарную знешнюю палітыку, скіраваную на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі і міждзяржаўнае аб`яднанне рэсурсаў у тых сферах, дзе гэта прыносіць яўныя эканамічныя, культурныя, інтэлектуальныя выгоды ўсім дзяржавамі — удзельніцам гэтых аб`яднанняў".
"Навука заўсёды выступала і выступае магутным аб`яднальным, інтэграцыйным фактарам. Аднак сёння на сусветным парадку дня востра стаіць пытанне не толькі стварэння новых ведаў у навуцы, але і эфектыўнасць выкарыстання гэтых ведаў у рэальным сектары эканомікі, павышэння канкурэнтаздольнасці дзяржаў праз распрацоўку і ўкараненне высокатэхнічных і навукаёмістых інавацый, рэалізацыю праектаў, скіраваных на вытворчасць", — сказаў Шумілін.
Разам з тым ён мяркуе, што "рэалізацыя сапраўды буйных, прарыўных праектаў патрабуе аб`яднання адпаведных рэсурсаў". Менавіта таму Міждзяржаўная праграма інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД на перыяд да 2020 года з`яўляецца адной з найважнейшых тым і адным з асноватворных інтэграцыйных механізмаў у межах функцыянавання СНД.
Летась у межах праграмы пачалася рэалізацыя чатырох сумесных праектаў: "Развіццё інфраструктуры суперкамп`ютарных цэнтраў у інтарэсах інавацыйнага развіцця краін — удзельніц СНД" (Беларусь — Малдова — Расія); "Распрацоўка экспертнай сістэмы рэабілітацыі геалагічнага асяроддзя, забруджанага нафтапрадуктамі, для тэрыторый краін СНД" (Беларусь — Расія — Казахстан); "Распрацоўка і стварэнне тэхналогій і пілотных тэхналагічных ліній па вырабе нанаструктураваных алмазных кампактаў і двухслойных алмазных пласцін для выкарыстання ў вытворчасці асабліва зносастойкага рэжучага і буравога інструменту" (Расія — Беларусь — Арменія); "Стварэнне мініяцюрных датчыкаў магнітных палёў і аўтаномных крыніцаў электрычнай энергіі на аснове структур ферамагнетык-п`езаэлектрык" (Беларусь — Расія). Агульны кошт праектаў, што рэалізуюцца зараз, складае больш за 100 мільёнаў долараў.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 24 верасня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/469/32725
Текущая дата: 15.11.2024