Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 28 верасня ў агульнай дыскусіі на 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Паводле яго слоў, "назіраецца беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах". "Усё выразней выказваюцца пагрозы, на якія пакуль няма адказу. Канцэнтруючыся на спрэчках па другарадных пытаннях, супольнасць выпусціла з віду з`яўленне агрэсіўных тэрарыстычных глабальных груповак", — цытуе беларускага кіраўніка дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.
"Уся сістэма міжнароднай бяспекі перажывае вельмі сур`ёзны крызіс. Страта ўзаемнага даверу паміж глабальнымі гульцамі, адсутнасць гатоўнасці да кампрамісаў, вяртанне да элементаў блокавага супрацьстаяння, па сутнасці, паставілі свет на грань новай вайны", — заявіў Лукашэнка.
Ён заявіў, што не спыняюцца спробы "навязаць пэўную мадэль развіцця іншым дзяржавам". "Да чаго гэта прыводзіць? У выніку знешняга ўмяшання, экспарту "каляровых" рэвалюцый і штучнай змены рэжымаў стабільныя раней краіны пагрузіліся ў хаос і анархію. Гэта ўсё прыкрываецца дэмакратыяй", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Замест абяцанай дэмакратыі і росквіту людзі ў гэтых краінах перажываюць жудасныя пакуты і вымушаныя ратавацца ўцёкамі. Натоўпы мігрантаў штурмуюць сёння Еўропу. І гэта таксама стала вострай міжнароднай праблемай", — лічыць Лукашэнка.
"Сёння мы ўсё ў большай ступені залежныя адзін ад аднаго. Дзеянні адной дзяржавы наўпрост закранаюць інтарэсы многіх іншых. Непрыступных краін больш не існуе", — дадаў ён.
"Мы павінны адкрыта прызнаць — цяпер няма эфектыўнай сістэмы стрымлівання і проціваг. Дзяржавы, якія прэтэндуюць на сусветнае лідарства, на жаль, не могуць пазбегнуць спакусы задзейнічаць сілу і эканамічны шантаж для забеспячэння сваіх уласных інтарэсаў. Свет небяспечна блізка падышоў да фактычнай адмовы ад замацаваных у статуце ААН прынцыпаў міжнароднага права", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.
"Таму глыбока перакананы, што ў ААН вельмі неабходная новая шырокая дыскусія аб прынцыпах будучага суіснавання дзяржаў і народаў. Пра гэта я ўжо гаварыў, але хачу яшчэ раз падкрэсліць: Арганізацыя не павінна ператварацца ў месца для ўзаемных абвінавачанняў і канфрантацыі дзяржаў", — заявіў Лукашэнка.
"Дыялогу няма альтэрнатывы! Нам не адысці ад калектыўнага вырашэння праблем. Вядома, можна зноў панабудоўваць новых сцен і раздзяляльных ліній, але ад гэтага праблемы нікуды не знікнуць", — рэзюмаваў ён.
БелаПАН
Мінск, 29 верасня 2015
Мінск, 29 верасня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/469/32766
Текущая дата: 15.11.2024