Белорусский портал в Казахстане

Колькасць беларуска-кітайскіх культурных праектаў за апошнія гады істотна ўзрасла



Аб гэтым паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін 23 лістапада на адкрыцці Фестывалю кітайскага кіно ў Мінску.

Дыпламат адзначыў, што пасольства арганізуе Дні кітайскага кіно, правядзенне якіх стала традыцыйным у Беларусі. Як лічыць пасол, гэта садзейнічае павелічэнню ўзаемаразумення паміж двума народамі і ўмацаванню беларуска-кітайскіх культурных сувязей.

У цэлым ацэньваючы адносіны паміж Беларуссю і КНР, Цуй Цымін падкрэсліў: "За 23 гады беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін дасягнуты вялікія вынікі. Вельмі важна, што ўвянчаўся поспехам візіт у Беларусь Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, што мела вялікае гістарычнае значэнне.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу ў верасні пабываў у Кітаі і прыняў удзел у мерапрыемствах з нагоды 70-годдзя Перамогі кітайскага народа над агрэсарамі".

На думку дыпламата, абмен візітамі дае новыя магчымасці для ўзаемавыгаднага двухбаковага супрацоўніцтва. Цуй Цымін дадаў, што бягучы год, у якім адбыўся абмен візітамі лідараў дзвюх дзяржаў, адзначаны актыўнымі беларуска-кітайскімі сувязямі.

У прыватнасці, ажыццёўлена нямала культурных і адукацыйных праектаў. Напрыклад, было арганізавана святкаванне кітайскага новага года - Свята Вясны, якое дало магчымасць беларусам азнаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі Паднябеснай.

Паспяховым і яркім стаў удзел Кітая ў міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Мінску. Акрамя таго, прайшло пасяджэнне беларуска-кітайскага ўрадавага камітэта па культуры. Заўсёды незабыўным становіцца абмен днямі культуры. "Разнастайнасць культурных сувязей паміж нашымі дзяржавамі садзейнічае ўмацаванню дружбы паміж Беларуссю і Кітаем", - перакананы Цуй Цымін.

24 лістапада 2015, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/472/33356
Текущая дата: 28.12.2024