Пра гэта прэм`ер-міністр Расіі заявіў, адказваючы на пытанні беларускіх журналістаў у межах Сусветнага кангрэса рускай прэсы 11 чэрвеня ў Маскве.
Дзмітрый Мядзведзеў лічыць неабгрунтаванымі разважанні пра тое, што Масква спрабуе навязаць камусьці палітычную інтэграцыю па савецкім узоры.
"Нібыта савецкія кіраўнікі спяць і бачаць, як бы адрадзіць Савецкі Саюз, пачаць дыктаваць сваю волю іншым краінам, навязаць свае парадкі. Мы з вамі разумеем, што гэта глупства, што гэта немагчыма, але тым не менш такія стэрэатыпы існуюць", — цытуе Мядзведзева прэс-служба пасольства Беларусі ў РФ.
Разам з тым кіраўнік расійскага ўрада выказаў упэўненасць, што эканамічнае збліжэнне краін унутры Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) будзе суправаджацца і палітычнай інтэграцыяй. "Але тут наша краіна настроена такім чынам, каб нікому нічога не навязваць, — дадаў ён. — Палітычная інтэграцыя павінна быць абсалютна разумнай. Вось там, дзе мы гатовыя інтэгравацца, і гэта не выклікае супярэчнасцяў у нашых грамадскіх сістэмах, у людзей, напэўна, на гэта можна ісці".
"Ці можна інтэграваць эканоміку без інтэграцыі палітыкі? Тут у нас усе "марксісты", паводле перакананняў, я спадзяюся, значная частка з прысутных калісьці чытала Карла Маркса. Усім вядома распаўсюджаны выраз пра тое, што палітыка з`яўляецца канцэнтраваным праяўленнем эканомікі", — зазначыў расійскі прэм`ер.
На думку Мядзведзева, краіны — члены ЕАЭС "за апошнія гады шмат папрацавалі, асабліва ў параўнанні з тым, якія справы ў іншых інтэграцыйных аб`яднаннях".
Мядзведзеў таксама заявіў, што Расія мае намер аказваць падтрымку рускамоўным СМІ за мяжой. "Мы разумеем, як важна аказваць падтрымку рускамоўным СМІ, ствараць умовы для іх больш камфортнай і эфектыўнай працы. Мы зацікаўленыя ў тым, каб рускамоўныя СМІ мелі як мага больш магчымасцяў расказваць пра падзеі ў Расіі, атрымлівалі інфармацыю і каментарыі, як гаворыцца, з першых рук", — цытуе прэм`ера РФ агенцтва ТАСС.
Сусветны кангрэс рускай прэсы праходзіць у Маскве з 9 па 13 чэрвеня.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 12 чэрвеня 2015
Мінск, 12 чэрвеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/482/31468
Текущая дата: 15.11.2024