Белорусский портал в Казахстане

Беларускія ратавальнікі прэзентавалі свае напрацоўкі на семінары па пытаннях пажарна-ратавальнага валанцёрства ў Бруселі



Беларускія ратавальнікі прэзентавалі свае напрацоўкі на семінары па пытаннях пажарна-ратавальнага валанцёрства, які прайшоў у штаб-кватэры НАТА ў Бруселі.

Семінар праводзіўся па лініі Еўраатлантычнага каардынацыйнага цэнтра рэагавання на стыхійныя бедствы і катастрофы і быў ініцыяваны беларускім бокам. "У снежні 2014 года прайшоў семінар па абагульненні вопыту Беларусі ў правядзенні буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў. Тады беларускі бок прапанаваў правесці наступнае мерапрыемства па пытаннях пажарна-ратавальнага валанцёрства", — паведаміла 3 мая прэс-служба МНС Беларусі. 

У семінары ўзялі ўдзел прадстаўнікі каля дваццаці краін, у тым ліку Аўстрыі, Германіі, Літвы, Румыніі, ЗША. Спецыялісты дэталёва спыніліся на ключавых аспектах добраахвотнай дапамогі ратавальнікам-пажарным. Абмеркаванне такіх пытанняў, як удзел дзяржавы ў фінансаванні валанцёраў, навучанне і страхаванне валанцёраў, іх матывацыя, заканадаўчая база, было настолькі ажыўленым і зацікаўленым, што арганізатарам давялося прадоўжыць час працы семінара. 

"Рэспубліка Беларусь зноў пацвердзіла сваю адкрытасць па пытаннях абмену вопытам па арганізацыі бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва, што будзе садзейнічаць пошуку новых рашэнняў і паўплывае на развіццё нацыянальных сістэм папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый", — паведамляе прэс-служба МНС.

БелаПАН
Мінск, 3 мая 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/487/30833
Текущая дата: 15.11.2024