Каля пасольства Беларусі ў Бішкеку 27 лютага адбыўся мітынг, удзельнікі якога патрабавалі выдаць Кыргызстану былога прэзідэнта гэтай краіны Курманбека Бакіева, яго брата Жаныбека Бакіева і набліжаных да іх асоб.
Як паведамляе кыргызскае інфармагенцтва 24.kg, на мітынг выйшлі прыкладна 30 чалавек — членаў грамадскіх аб`яднанняў сваякоў загінулых і параненых падчас красавіцкай рэвалюцыі 2010 года. Актывісты трымалі плакаты "Жаныш Бакіеў — забойца", "Патрабуем экстрадыцыі Айбека Абдразакава, Рустама Сайдуева і Жаныша Бакіева", "Месца Бакіевых у турме".
Мітынгоўцы патрабавалі сустрэчы з паслом Беларусі ў Кыргызстане. "Колькі яшчэ чалавек павінны пацярпець, каб іх экстрадавалі ў Кыргызстан? Апошні выпадак павінен падштурхнуць, каб нам вярнулі Бакіевых. Гэта яшчэ раз даказвае, што Бакіевы маюць дачыненне да забойстваў Медэта Садыркулава і Алмамбета Анапіяева", — заявіў журналістам удзельнік акцыі, сустаршыня аб`яднання "Мекен шэітэры" Арстан Сагындыкаў.
Нагадаем, 18 лютага ў Мінску ў багажніку аўтамабіля быў знойдзены труп мужчыны. 24 лютага беларускія следчыя органы паведамілі, што забіты апазнаны як крымінальны аўтарытэт з Кыргызстана Алмамбет Анапіяеў, аднак працэдура ідэнтыфікацыі асобы яшчэ працягваецца. 26 лютага прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў заявіў, што за забойствам Анапіяева стаіць Жаныбек Бакіеў, брат былога кіраўніка Кыргызстана Курманбека Бакіева, і чарговым разам заклікаў Беларусь выдаць братоў Бакіевых Кыргызстану.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 27 лютага 2015
Мінск, 27 лютага 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/496/29838
Текущая дата: 15.11.2024